Стала вядома пра яшчэ аднаго грамадзяніна Беларусі, які ўдзельнічаў у вайне ва Украіне на баку Расеі і трапіў у палон. Цяпер ён спадзяецца на абмен і вяртанне дадому.
Інтэрв’ю з палонным беларусам было апублікаванае на YouTube-канале «Бутусов Плюс».
33-гадовы Андрэй Лапатнёў з Віцебску скончыў Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і працаваў у розных сферах: будаўніцтве, лагістыцы і камерцыі.
З ягоных словаў, ён меў польскую візу і планаваў паехаць у Польшчу, каб зрабіць дакументы і ўладкавацца на працу ў Нідэрландах.
Аднак перад ад’ездам у Беларусі яго затрымалі за набыццё марыхуаны. Нягледзячы на падпіску аб нявыездзе, ён пачаў уцякаць праз Расею. Праз Смаленск і Бранск Лапатнёў дабраўся да Масквы, дзе 2 красавіка 2024 года яго затрымала паліцыя.
Замест крымінальнага пераследу беларусу прапанавалі падпісаць кантракт з Міністэрствам абароны Расеі. Яму абяцалі, што ён будзе выконваць гаспадарчыя задачы ў тыле ў Луганску, а не ўдзельнічаць у баявых дзеяннях.
Пасля 47 дзён рыхтавання на палігоне ён месяц працаваў у штабе, не звязваючыся ні з уладамі Беларусі, ні са сваякамі.
Затым яго накіравалі на перадавую ў якасці «адкрывашкі» – салдата, які ідзе першым праз мінныя палі. Пасля аднаго з баёў ён трапіў у палон.
Цяпер Лапатнёў просіць, каб яго абмянялі і вярнулі ў Беларусь.
Раман Шавель belsat.eu