навіны

У Беларусі плануюць павялічыць магчымасці афармлення еўрапратаколу пры ДТЗ

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: abw.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: abw.by
podpis źródła zdjęcia

Ліміт выплатаў паводле еўрапратаколу ў Беларусі плануюць адвязаць ад еўра і павялічыць больш чым удвая. Пра гэта паведаміў начальнік Галоўнага ўпраўлення ДАІ Беларусі Віктар Ротчанкаў.

«Дакумент яшчэ застаецца на абмеркаванні, але ў праекце гэтага дакументу мы прапанавалі павялічыць суму страхавой выплаты (да) 150 базавых велічынь. Адысці ад еўра. Гэта прыкладна падвойнае павелічэнне выплаты ў тым выпадку, калі ўдзельнікі дарожна-транспартнага здарэння прымуць рашэнне аформіць ДТЗ паводле еўрапратаколу», – сказаў ён у эфіры «Беларусь 1».

Цяпер максімальная сума шкоды, пры якой можна аформіць еўрапратакол, складае 800 еўраў. Новая сума будзе складаць 6300 рублёў, або каля 1800 еўраў, адзначае «Sputnik».

Калі гэта набудзе моц, пакуль невядома.

Згодна з Правіламі дарожнага руху, кіроўцы могуць не паведамляць пра дарожнае здарэнне ў ДАІ, калі шкода была нанесеная толькі транспартным сродкам, само ДТЗ адбылося з удзелам двух транспартных сродкаў, а ў кіроўцаў ёсць правы адпаведнай катэгорыі і дзейная страхоўка ды пры гэтым няма прэтэнзіяў да стану адно аднаго. Пры гэтым шкода, нанесеная кожнаму транспартнаму сродку, ацэньваецца кіроўцамі не больш як у 800 еўраў. Начальнік ДАІ адзначыў, што каля 40-50 % ДТЗ у Беларусі афармляюцца менавіта з дапамогай еўрапратаколу.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10