У Канадзе прайшлі выбары лідара кіроўнай Ліберальнай партыі. Ім стаўся былы кіраўнік Банку Канады і Банку Англіі Марк Карні. Ён зменіць на пасадзе прэм'ер-міністра Канады Жустэна Трудо і будзе вымушаны адказаць на выклікі, што стаяць перад краінаю.
59-гадовы Марк Карні быў адзіным кандыдатам на пасаду лідара партыі, які не ўваходзіў у непапулярны ўрад Жустэна Трудо. Па выніках галасавання ён набраў 85,9 %. Сам Трудо яшчэ ў студзені абвясціў, што плануе пайсці ў адстаўку праз праблемы ў эканоміцы і страту папулярнасці, адзначае Бі-Бі-Сі.
Карні быў кіраўніком Банку Канады ў 2008–2013 гадах, у першыя гады пасля сусветнага фінансавага крызісу. А затым, у 2013–2020 гадах, узначальваў Банк Англіі падчас брэкзіту.
,,«Я ўдзельнічаў у вырашэнні шмат якіх крызісаў і выратаванні дзвюх эканомік. Я ведаю, як працуе бізнес, і я ведаю, як прымусіць яго працаваць на вас», – казаў Карні, абвяшчаючы пра вылучэнне сваёй кандыдатуры.
Карні быў дарадцам Трудо ў пытаннях эканомікі, але пасля пачаў крытыкаваць прэмʼера за ягоныя дзеянні ў гэтай сферы, заяўляючы, што чальцы ўраду «занадта часта адцягваліся ад эканомікі».
Праўда, прэм’ерам Карні можа прабыць нядоўга: да 20 кастрычніка ў Канадзе павінны прайсці новыя парламенцкія выбары, у выніку якіх да ўлады могуць прыйсці апаненты лібералаў.
А што наконт Трампа?
Новаму прэм’еру давядзецца сутыкнуцца з палітыкай новага прэзідэнта ЗША Доналда Трампа, які заяўляў пра жаданне зрабіць суседнюю краіну 51-м амерыканскім штатам, а Трудо называў «губернатарам». На дадатак, Трамп увесь час на словах уводзіць новыя мыты супраць Канады, але ўвесь час іх адкладае – цяпер да 2 красавіка.
У сваім выступе пасля перамогі Карні абвінаваціў Трампа ў імкненні захапіць Канаду. Гэтая спроба, паводле канадскага палітыка, павінна быць адбітая. Паводле яго, амерыканцам «патрэбныя нашыя [канадскія. – Заўв. рэд. Belsat.eu] рэсурсы, нашая вада, нашая зямля, нашая краіна».
«Амерыка – гэта не Канада. Канада ніколі не будзе часткай Амерыкі ні ў якім выглядзе, ні ў якой форме», – сказаў Карні, дадаўшы, што ў адваротным выпадку амерыканцы знішчаць канадскі лад жыцця.
Якуб Хруст belsat.eu