навіны

У Вялейскім раёне знайшлі ювелірную майстэрню крывіцкіх часоў

Адзін з артэфактаў, знойдзеных каля вёскі Рэчкі Вялейскага раёну
Адзін з артэфактаў, знойдзеных каля вёскі Рэчкі Вялейскага раёну. Фота: bsu.by
podpis źródła zdjęcia

Каля вёскі Рэчкі Вялейскага раёну знайшлі ювелірную майстэрню X стагоддзя. Там захаваліся аздобы і інструменты. Пакуль гэта адзіная такая знаходка ў Беларусі. Пра гэта паведамляе БДУ.

Раскопкі каля вёскі вядуцца з 2020 года студэнтамі і працаўнікамі гістарычнага факультэту БДУ. Летась яны выявілі майстэрню з больш чым 100 артэфактамі.

«Сярод іх тыглі для выплаўлення металу, нарыхтоўвання сыравіны, вытворчыя адходы, аздобы са слядамі браку і пашкоджаннямі. Тут жа быў знойдзены рэдкі інструмент – цалкам захаваныя нажніцы для працы з металам.

Папярэдні аналіз дазволіў вызначыць, што даследаваная майстэрня датуецца X стагоддзем і ёсць адзіным ювелірным комплексам крывічоў, знойдзеным на тэрыторыі Беларусі. Археолагі адносяць будынак да пераддзяржаўнага перыяду», – гаворыцца ў паведамленні БДУ.

Адзін з артэфактаў, знойдзеных каля вёскі Рэчкі Вялейскага раёну. Фота: bsu.by
Адзін з артэфактаў, знойдзеных каля вёскі Рэчкі Вялейскага раёну. Фота: bsu.by

Цяпер гісторыкі апрацоўваюць артэфакты ў лабараторыі. БДУ падкрэслівае, што яны маюць вялікую навуковую каштоўнасць і «фармуюць уяўленне пра рассяленне славянскіх народаў заяўленай эпохі, іх лад жыцця і гаспадарчую дзейнасць, побыт, рэгіянальныя адметнасці, эканамічныя адносіны, культуру і традыцыі».

Плануецца, што фізікі БДУ дапамогуць вызначыць хімічны склад вырабаў.

«Гэта дазволіць рэканструяваць тэхналогію вырабу аздобаў і вызначыць дакладнейшую дату функцыянавання майстэрні», – адзначае БДУ.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10