Гомельскі блогер Rubakha Go прадаў аўта, якое выйграў у конкурсе, і купіў за гэтыя грошы кватэру бяздомнай жанчыне.
Беларускі 17-гадовы блогер Анатоль (rubakha_go) вядомы сваёй дабрынёй і дапамогай людзям у цяжкіх жыццёвых сітуацыях. Асаблівую ўвагу ён надае бяздомным: у сваіх роліках ён часта размаўляе з імі, задае ім пытанні са школьнай праграмы і купляе неабходныя рэчы. Адной з гераінь ягоных відэа была Вікторыя, якая атрымала шырокую вядомасць у TikTok дзякуючы супольным ролікам з Анатолем.
Не так даўно Анатоль узяў удзел у конкурсе, які праводзіў расейскі блогер Міхаіл Літвін. Умова конкурсу была простая: трэба было зняць самы крэатыўны ролік з энергетычным напоем. Гомельскі блогер прэзентаваў відэа з Вікторыяй, і яно атрымала прызнанне гледачоў. У выніку Анатоль зрабіўся пераможцам і выйграў аўтамабіль BMW M4.
Пасля перамогі хлопец заявіў, што плануе прадаць машыну, каб купіць кватэру для Вікторыі. Гэты жэст выклікаў павагу не толькі сярод яго падпісчыкаў, але і ў самога Літвіна, які назваў Анатоля «сапраўдным мужчынам».
Нядаўна сталася вядома, што аўтамабіль сапраўды ўдалося прадаць, і ў Instagram-акаўнце аднаго з агенцтваў нерухомасці з’явілася відэа, дзе Вікторыя пацвярджае, што ёй набылі кватэру. На відэа працаўніца агенцтва пытаецца: «Адна кватэра вам ці дзве іншаму?» – на што Вікторыя ўпэўнена адказвае: «Адна мне!»
Раман Шавель belsat.eu