На аўтобусны маршрут, які некаторы час ездзіў з Пецярбургу ў акупаваны расейскімі войскамі Марыупаль, так і не знайшлося пасажыраў. Ён ездзіў пустым. А зараз яго наагул адмяняюць.
3 сакавіка губернатар Санкт-Пецярбургу Аляксандр Бяглоў абвясціў пра запуск першага рэгулярнага аўтобуснага рэйсу Пецярбург – Марыупаль, паведамляла выданне «Бумага».
Планавалася, што аўтобусы на 50 месцаў будуць адпраўляцца з аўтавакзалу ў няцотныя дні а 9-й раніцы, а дарога зойме 29 гадзінаў. Кошт квітка пачынаўся ад 7500 расейскіх рублёў (больш за 270 беларускіх).
«Запуск аўтобуснага маршруту яшчэ мацней звязвае Паўночную сталіцу з нашым горадам-пабрацімам», – казаў Бяглоў.
Аднак уладальнік кампаніі «ТТК Глобус», якая займалася арганізацыяй рэйсаў, паведаміў, што з моманту запуску не прадалі ніводнага квітка. У касах пецярбургскага аўтавакзалу таксама пацвердзілі, што рэйс на 7 сакавіка быў адменены.
,,«Рэйсы на 7 і 9 сакавіка адмянілі. Пасажыраў няма: ні туды, ні назад. У першых рэйсах я сам асабіста ездзіў. Сабекошт кожнай паездкі – 200 тысяч рублёў [расейскіх, гэта больш за 7 тысячаў беларускіх. – Заўв. рэд «Белсату»]. Я разумею, што трэба аб'язджаць маршрут. Але мы не ў стане кожны раз аплачваць паездкі пустых аўтобусаў», – растлумачыў перавознік.
Пры гэтым з Санкт-Пецярбургу ў Марыупаль і назад ходзяць неафіцыйныя нерэгулярныя аўтобусы, якія не адпраўляюцца з аўтавакзалу.
У 2022 годзе акупаваны Марыупаль абвясцілі горадам-пабрацімам Санкт-Пецярбургу. У Марыупалі працуюць пецярбургскія кампаніі, якія ўзводзяць у горадзе будынкі і інфраструктуру. Адкрываюцца філіялы кампаніі «Балтыка», турыстычных агенцтваў і кол-цэнтраў для раздробнага гандлю.
Дзеці з акупаванага гораду рэгулярна ездзяць на экскурсіі і ў лагеры Санкт-Пецярбургу, а мясцовыя ўлады справаздачацца, як дапамагаюць «гораду-пабраціму». Пры гэтым пецярбургскія ўлады не паведамляюць, колькі сродкаў выдаткоўваюць на гэтую дапамогу. Вядома, што на аднаўленне Марыупалю грошы бяруць з рэзервовага фонду Санкт-Пецярбургу, і гаворка ідзе пра мільярды расейскіх рублёў.
У 2022 годзе падчас расейскага ўварвання горад быў акупаваны расейскімі войскамі пасля жорсткіх баёў, працяглай блакады і абстрэлаў з расейскага боку, у выніку чаго, паводле ацэнак ААН, у горадзе былі пашкоджаныя або разбураныя да 90 % шматпавярховых і да 60 % прыватных дамоў.
З 20 траўня 2022 года Марыупаль поўнасцю застаецца пад расейскай акупацыяй. Згодна з украінскім заканадаўствам, горад ёсць часова акупаванай тэрыторыяй.
Раман Шавель belsat.eu