Пра цяжкае становішча ўкраінскіх войскаў у Курскай вобласці Расеі паведамляюць як расейскія, гэтак і ўкраінскія крыніцы. У тым ліку заяўляецца пра баі ў раённым цэнтры Суджа, які ўкраінскія войскі трымалі ад жніўня 2024 года.
Гэтак, украінскі тэлеграм-канал «Бахмутський Демон» адзначае, што «такая сабе сітуацыя на Куршчыне, цяжкая цяпер».
Украінскі журналіст Юрый Бутусаў заяўляе, што расейскія і паўночнакарэйскія войскі ў Курскай вобласці «маюць значную перавагу ў сілах, і вораг атакуе бесперапынна». Паводле яго, хоць украінскія «войскі забяспечаныя боепрыпасамі, дэманструюць экстраардынарны гераізм і стойкасць, але вораг прасоўваецца не лічачыся з стратамі».
Бутусаў адзначае, што войскі РФ узялі пад шчыльны агнявы кантроль украінскія шляхі зносін, а праз трубу газаправоду нават прасачыліся ў раённы цэнтр Суджа.
,,«Далейшае ўтрыманне санітарнай зоны на Куршчыне не апраўдана з тактычнага пункту гледжання. Палітычныя матывы ўсім зразумелыя, але павінна быць і асабліва ваенная логіка», – мяркуе Бутусаў.
Расейскія крыніцы заяўляюць пра пачатку штурму Суджы раніцай 8 сакавіка. Як заяўляецца, у гарадскіх баях удзельнічаюць група «Аіда», 30-ы мотастралковы полк, 11-я брыгада Паветрана-дэсантных войскаў і дабраахвотніцкае фармаванне «Ветэраны». Паводле расейскіх вайскоўцаў, у Суджы ў акружэнні знаходзіцца каля 2000 байцоў ЗСУ. Паводле Mash, расейскія сілы таксама пачалі зачыстку Малой Локні і Басоўкі, прасоўваюцца з боку Лебядоўкі і ў бок Казачай Локні.
6 жніўня 2024 года ЗСУ змаглі прарвацца ўглыб тэрыторыі РФ і ўзяць пад кантроль дзясяткі населеных пунктаў. Да 27 жніўня Украіна захапіла каля 1300 квадратных кіламетраў, што перавышала тэрыторыю, захопленую Расеяй за ўвесь 2023-ы год. Паводле галоўнакамандуючага ЗСУ Аляксандра Сырскага, на той момант пад кантроль Кіева перайшлі 100 населеных пунктаў, у тым ліку горад Суджа, адміністрацыйны цэнтр Суджанскага раёну.
Якуб Хруст belsat.eu