Улады штату Нью-Мексіка (ЗША) абвясцілі вынікі судова-медычных экспертызаў, што павінны былі выявіць прычыны смерці 95-гадовай галівудскай зоркі Джына Гэкмэна і ягонай жонкі, якіх знайшлі мёртвымі ва ўласным доме ў Санта-Фэ.
65-гадовая жонка актора, піяністка Бэтсі Аракава, як мяркуецца, памерла першаю 11 лютага. Прычынай ейнай смерці стаўся хантавірус, які пераносяць грызуны і які шкодзіць лёгкім. Гэта рэдкая хвароба, але ў доме знойдзеныя сляды грызуноў, адзначае BBC.
Прычына смерці Джына Гэкмэна – гіпертанія. Вонкавых траўмаў у актора не выяўлена. Ён памёр, імаверна, 18 лютага, праз тыдзень пасля скону ягонай жонкі. Як мяркуецца, праз хваробу Альцгаймэра актор мог не ўсведамляць, што ягоная жонка памерла.
Вынікаў ускрыцця сабакі, цела якога таксама знайшлі ў доме Гэкмэна і Аракавы, пакуль няма. Прадстаўніца Міністэрства аховы здароўя Нью-Мексіка паведаміла, што сабакі не заражаюцца на хантавірус.
Легендарны актор, двухразовы ўладальнік прэміі «Оскар» і пісьменнік Джын Гэкмэн і ягоная жонка піяністка Бэтсі Аракава былі знойдзеныя мёртвымі ў сваім доме ў горадзе Санта-Фэ 27 лютага. Пара загінула разам са сваім сабакам.
Якуб Хруст belsat.eu