У Міжнародны жаночы дзень 8 сакавіка кіраўнік Беларусі і беларуская дэмакратычная лідарка павіншавалі беларусак са святам. Віншаванні адрозніваліся як зместам, гэтак і формаю.
Святлана Ціханоўская выступіла з відэазваротам, у якім падзялілася асабістым досведам пра тое, як барацьба за правы жанчын сталася важнаю часткаю ейнага жыцця. Яна падкрэсліла: сёння жанчыны змагаюцца за роўныя магчымасці, справядлівасць і дэмакратыю:
,,«У часы, калі жанчыны ладзяць антываенны супраціў, узначальваюць палітычныя і грамадскія рухі, вядуць за сабою народы, час забыць выраз «слабы пол». Мы не ахвяры рэпрэсіяў і прыгнёту. Мы таксама змагаемся за роўныя магчымасці, справядлівасць і дэмакратыю. Сёння мы ўслаўляем жаночую стойкасць, рашучасць і самаадданасць, нагадваючы свету пра нашыя выдатныя дасягненні. Дарагія беларускі, вы – мая апора і нагода для гонару. Менавіта вы – прыклад моцы дабрыні і нястомны рухавік пераменаў».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што «8 сакавіка – гэта цудоўная нагода выказаць вялікую ўдзячнасць нашым жанчынам за дабрыню, клопат і душэўную цеплыню, што вы дорыце родным і блізкім».
«Вы ўвасабляеце сабою Беларусь – прыгожую, моцную, скіраваную ў шчаслівую будучыню. Натхняеце нас, мужчынаў, на новыя здзяйсненні ў імя сваёй краіны і ажыццяўленне самых смелых ідэяў і задумаў», – заявіў ён.
Адзначым, што на «Белсаце» выйшаў святочны праект, у якім восем вядомых беларусак разважаюць пра найлепшыя падарункі на 8 Сакавіка, стаўленне да кветак і свае ўяўленні пра ідэальную страву.
Якуб Хруст belsat.eu