У ночы з 7 на 8 сакавіка ўкраінскія і расейскія войскі абмяняліся ўдарамі за лінію фронту. У Расеі паведамляецца пра пашкоджаныя заводы, але без чалавечых ахвяраў. Ва Украіне ж колькасць загінулых перавысіла дзясятак.
Міністэрства абароны Расеі паведаміла, што на працягу мінулай ночы дзяжурнымі сродкамі СПА быў перахоплены і знішчаны 31 украінскі беспілотны лятальны апарат: 26 БПЛА – над тэрыторыяй Краснадарскага краю, тры БПЛА – над тэрыторыяй Бранскай вобласці і па адным БПЛА – над тэрыторыямі Ленінградскай і Яраслаўскай вобласцяў.
Між тым губернатар Ленінградскай вобласці Аляксандр Драздзенка адзначыў, што ў выніку атакі быў пашкоджаны нафтаперапрацоўчы завод КИНЕФ у Кірышскім раёне, «наступствы ліквідуюцца». А бранскі губернатар Аляксандр Багамаз паведаміў, што ў горадзе Старадуб на тэрыторыі аднаго з перапрацоўчых прадпрыемстваў гарыць вытворчае памяшканне, з бліжэйшых дамоў эвакуяваныя жыхары. Таксама ад аскепкаў пацярпела адна жанчына. Як перадае Hromadske, у Старадубе быў пашкоджаны завод «Кансервсушпрод», што вырабляе сухпайкі для расейскай арміі.
Між тым Нацыянальная паліцыя Украіны паведамляе пра камбінаваны расейскі ўдар, папярэдне, ракетай «Іскандэр-М», РСЗА «Тарнада-С» і БпЛА «Герань-2» па горадзе Дабраполле Данецкай вобласці. Як заяўляецца, разбураныя і пашкоджаныя 8 пяціпавярховых дамоў, гандлёвы цэнтр, 30 аўтамабіляў. Некаторыя дамы згарэлі амаль цалкам. Таксама заяўляецца пра прынамсі 11 загінулых і 30 параненых, сярод апошніх – пяцёра дзяцей.
Кіраўнік Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінегубаў паведаміў пра ўдар расейскім беспілотнікам па грамадзянскім прадпрыемстве ў Багадухаве, у выніку чаго загінуў чалавек, яшчэ сямёра атрымалі раненні. У выніку атакі дрону было пашкоджанае прадпрыемства і ў Запарожжы. Там пачаўся пажар, але абышлося без ахвяраў.
Якуб Хруст belsat.eu