Маштабныя вайсковыя рэформы прадугледжваюць падвышэнне выдаткаў і рост арміі ў два з паловаю раза, а таксама вайсковыя трэнаванні для ўсіх мужчынаў.
На выступе ў польскім парламенце 7 сакавіка прэм’ер-міністр Дональд Туск анансаваў маштабную вайсковую рэформу, перадае «TVP». У Польшчы, казаў ён, ёсць несумнеўны кансэнсус датычна нацыянальнай бяспекі, але цяпер у Еўропе і Злучаных Штатах, а таксама ў Польшчы «ўсе часцей гучаць галасы пра тое, што гэты кансэнсус можа быць парушаны». Паводле яго, гучаць галасы, што ў кантэксце расейска-ўкраінскай вайны схіляюцца да Уладзіміра Пуціна і расейскага наратыву.
З боку ЗША ён адзначыў «глыбокую карэкцыю палітыкі» адносна вайны ва Украіне. Заўважыў, што ЗША як незалежная краіна маюць права і абавязанне самастойна фармаваць сваю замежную палітыку, але і Польшча мае права і абавязанне дзеяць у сваіх інтарэсах. Польшча не мяняе сваёй пазіцыі пра неабходнасць супрацоўнічаць з ЗША і NATO, казаў ён.
Поўны выступ Туска ў парламенце:
Што анансаваў Туск
- Абавязковую вайсковую падрыхтоўку для ўсіх дарослых мужчынаў у Польшчы, добраахвотную – для жанчын. Дакладную мадэль гэтай падрыхтоўкі маюць распрацаваць да канца года. Гэта не вяртанне тэрміновай службы ў чыстым выглядзе (з 2009 года ў Польшчы няма абавязковай тэрміновай службы), але гэта мае быць нечым падобным да швейцарскай мадэлі. Пакуль невядома, ці будзе гэта датычыць беларускіх мігрантаў без польскага грамадзянства.
- Павелічэнне польскага войска да 500 тысячаў чалавек з улікам рэзервістаў. Цяпер польскае войска налічвае 206 тысячаў чалавек.
- Вывядзенне выдаткаў на абарону за бюджэтныя абмежаванні і скіраванне часткі грошай з фондаў Еўразвязу на развіццё вайсковай прамысловасці, павелічэнне вайсковых выдаткаў да 5 % валавога ўнутранага прадукту з цяперашніх 4,7 %.
- Перагляд удзелу Польшчы ў Атаўскай канвенцыі аб забароне супрацьпяхотных мінаў і Дублінскай канвенцыі аб забароне касетных боепрыпасаў.
- Перамовы з Францыяй аб «ядравым парасоне», што ўжо пачаліся. Туск хоча, каб Польшча мела голас у пытанні выкарыстання ядравай зброі.
- Выкарыстанне сучаснай зброі з улікам украінскага досведу. Туск заклікаў «паглядзець на магчымасці», але не анансаваў канкрэтных закупак ці распрацоўванняў.
Алесь Наваборскі belsat.eu