Паводле дзяўчыны, калі ёй было 15, 27-гадовы музыка Кірыл Тараненка стаў навязваць ёй сяброўства, а калі дзяўчыне стала 16, заняўся з ёю сексам. Музыка не каментаваў абвінавачванняў.
Палачанка Ілона Зайцава апавяла ў X (былым Twitter) пра сваю гісторыю стасункаў з Кірылам Тараненкам – былым клавішнікам менскага рок-гурта «Мутнаевока». На ейную гісторыю звярнулі ўвагу «Наша ніва» і «Зеркало». Выданні звярнуліся да Тараненкі па каментар, адказу ад яго не атрымалі.
Ілона сцвярджае, што праз два тыдні пасля свайго 15-годдзя схадзіла на музычны фэст, дзе выступала «Мутнаевока». Пасля фэсту яна напісала станоўчыя ўражанні ў суполку гурта ў «VK». Ёй напісаў незнаёмы чалавек і спытаў, «як гук». Гэта аказаўся клавішнік гурта Кірыл Татарненка. Між імі завязалася штодзённае ліставанне. Праз два дні, сцвярджае Ілона, яны называлі адно аднаго «мужам і жонкай». З апублікаваных ёю скрыншотаў вынікае, што яна паведамляла музыку пра свой узрост.
Праз некаторы час музыка запрасіў 15-гадовую дзяўчыну на канцэрт у Менск. Як сцвярджае Ілона, праз 9 ці 10 месяцаў музыка запрасіў яе да сябе на ноч, у ложку гладзіў яе, прапаноўваў аральны секс і мастурбацыю, але дзяўчына здранцвела – яму давялося завяршыць палавы акт самастойна.
Наступны раз, як расказвае Ілона, яны сустрэліся, калі ёй ужо споўнілася 16 гадоў – і тады Тараненка без прылюдыяў заняўся з ёй анальным сексам, хоць яна ляжала здранцвелая і спрабавала ўхіліцца. На наступны дзень яна скардзілася хлопцу на боль, ён жа са смайлікамі пытаў, ці не пераблытала яна, якога характару быў секс.
,,«Гэта ўсё ўжо доўжылася больш за год, – апавядае Ілона. – Стасункі, ягоныя ўчынкі – усё прыносіла боль. Але калі ты нікому не патрэбен, а тут табе кажуць, што кахаюць... Ты заплюшчваеш вочы на ўсё».
Дзяўчына падкрэслівае, што не вінаваціць Тараненку ў згвалтаванні, бо не казала «не», і не вінаваціць гурта, які мог пра тое не ведаць. Разам з тым адзначае, што ёй было толькі 15 гадоў, калі знаёмства завязалася, і Тараненка актыўна падтрымліваў стасункі. Пра першы палавы акт яна пісала: «Мяне скоўвала, я проста ляжала, як камень. Ён пачаў мяне цалаваць, я памятаю як ягоны рот здаваўся ў разоў пяць большы за мой. Усё ж гэта быў буйны мужык і я, 45 кг».
Ілона пастанавіла расказаць гісторыю, каб звярнуць увагу на тое, што гэта адбылося не дзесьці далёка «ў нейкім Оксфардзе», а ў Беларусі. Ейная гісторыя была апублікаваная пасля таго, як тры жанчыны расказалі, як іх няпоўнагадовых схіляў да сексу расейскі рэпер Oxxxymiron (Мірон Фёдараў), які вучыўся ў Оксфардзе.
Так званы ўзрост згоды ў Беларусі – 16 гадоў. За палавыя зносіны дыіншыя дзеянні сексуальнага характару з асобай, якая не дасягнула 16 гадоў, караюцца паводле арт. 168 КК РБ абмежаваннем ці пазбаўленнем волі на тэрмін да 4 гадоў, паўторныя – пазбаўленнем волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў. Паводле Ілоны, Тараненка казаў ёй, што меў секс з 13-гадовай, калі яму было 19. А ў X іншыя дзяўчыны пазналі, пра каго гаворка, і расказалі, што Тараненка ім таксама пісаў.
Нават калі б між 15-гадовай дзяўчынай і 27-гадовым мужчынам не было дзеянняў сексуальнага характару, Крымінальны кодэкс прадугледжвае адказнасць за распусныя дзеянні: паводле арт. 169 КК РБ, за такія дзеянні поўнагадовай асобы адносна асобы, якая заведама не дасягнула 16-гадовага веку, караюць арыштам ці пазбаўленнем волі на тэрмін ад года да трох (калі паўторна – ад 3 да 6 гадоў пазбаўлення волі).
Дакладнага азначэння для распусных дзеянняў няма. Следчыя выступалі з ініцыятывай увесці крымінальную адказнасць за так званы грумінг – фармаванне даверлівых стасункаў з дзіцём дзеля сексуальнай эксплуатацыі ці згвалтавання. Ды пакуль абмяжоўваюцца папярэджаннямі пра небяспеку.
Алесь Наваборскі belsat.eu