Вытворца і суаўтар сцэнара латышскага мультыплікацыйнага фільму «Плынь», які надоечы атрымаў «Оскара», Матыс Кажа паведаміў, што пракат стужкі ў Беларусі – нелегальны, і беларускія кінатэатры мусяць зняць яе з паказу.
Паказ «Плыні» забаронены ў Расеі і Беларусі згодна з пагадненнем з дыстрыб'ютарскаю кампаніяй «Charades».
Як зазначае латышскае агенцыя LETA, інфармацыя пра «Плынь» маецца на некалькіх інтэрнэт-парталах Расеі і Беларусі, а таксама не сайтах некаторых кінатэатраў. Таксама стужка незаконна распаўсюджваецца на расейскіх сайтах для сцягвання. А на сайце кінатэатру беларускага забаўляльнага цэнтру «Falcon Club» пазначана, што фільм уваходзіць у бягучы рэпертуар.
Кампанія «Charades» у афіцыйнай заяве запэўніла, што ніколі не прадавала, не падпісвала і не давала нейкай згоды на камерцыйны распаўсюд ці паказ фільму на фестывалях у Беларусі ці Расеі. Адмова ад супрацы з любымі арганізацыямі ў Расеі і Беларусі была ўзгодненая з рэжысёрам мультфільму Гінтсам Зілбалодысам яшчэ да сусветнай прэм’еры фільму на Канскім фестывалі ў 2024 годзе. Ужо тады кінакампаніі з Расеі і Беларусі выказвалі цікавасць да «Плыні».
«Charades» заявіла, што звяжацца з кінатэатрамі ў Расеі і Беларусі, якія незаконна паказваюць «Плынь», і пастараецца спыніць гэтыя паказы.
«Плынь» – анімацыйны фільм пра самотнага ката, жыццё якога змяняецца, калі ягоны дом руйнуе моцная паводка. Каб выжыць, кот павінен навучыцца пераадольваць страх перад вадой, а таксама будаваць узаемаіны з іншымі жывёлінамі. Сёлета стужка атрымала «Оскара» ў намінацыі «Найлепшы анімацыйны фільм».
Марыя Міхалевіч belsat.eu