У ноч з 6 на 7 сакавіка Расея ўдарыла па Украіне ракетамі і ўдарнымі беспілотнікамі. Былі пашкоджаныя і разбураныя аб’екты энергетычнай і газавай інфраструктуры. Ёсць пацярпелыя.
Абстрэл стаў самым масавым з пачатку 2025 года паводле колькасці выкарыстаных ракетаў. Яны былі выпушчаныя з акваторыі Чорнага мора, распавёў спікер ВМС ЗСУ Дмытро Плэтэнчук. Таксама ён зазначыў, што трэці раз з пачатку года Расея скарыстала крылатыя ракеты.
ЗСУ паведамілі, што былі збітыя 25 крылатых ракетаў Х-101/Х-55, 8 крылатых ракетаў «Калібр», 1 ракета Х-59/69 і 100 ударных дронаў. Яшчэ 86 беспілотнікаў былі лакацыйна згубленыя.
,,«Расея працягвае свой энергетычны тэрор. Ізноў пад масаваным ракетна-дронавым абстрэлам энергетычная і газавая інфраструктура ў розных рэгіёнах Украіны. Там, дзе магчыма, ратаўнікі і энергетыкі працуюць над ліквідацыяй наступстваў. Робяцца ўсе неабходныя захады для стабілізацыі энерга- і газазабеспячэння, – паведаміў на сваёй фэйсбук-старонцы міністр энергетыкі Украіны Герман Галушчанка. – Расея імкнецца прычыніць боль менавіта звычайным украінцам праз абстрэлы энергетыкі і газавых вытворчых магутнасцяў, не пакідаючы сваёй мэты пакінуць нас без святла і цяпла, нанесці найбольшую шкоду шараговым грамадзянам».
Былі атакаваныя Харкаў, Івана-Франкоўск, Палтава, Чарнігаўшчына, Тэрнопальшчына, Прыкарпацце, Кіеўская, Адэская вобласці.
У Харкаве ракета трапіла ў цывільны інфраструктурны аб’ект, узнік пажар, побач загарэліся таксама гаражы і аўтамабілі, быў пашкоджаны шматкватэрны дом. Пацярпелі сямёра асобаў, двое былі шпіталізаваныя.
Пажары таксама ўзніклі ў Адэскай вобласці, у прыватнасці, ад аскепкаў ракеты загарэўся прыватны дом.
Украінскі «Нафтагаз» паведаміў, што гэта была 17-ая камбінаваная атака на аб’екты газавай інфраструктуры. Былі пашкоджаныя вытворчыя магутнасці, што забяспечваюць здабычу газу. Ідзе ліквідацыя наступстваў.
На пачатку сакавіка Доналд Трамп загадаў прыпыніць вайсковае падтрыманне ЗША Украіны і перадаванне ёй звестак амерыканскай выведкі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu