навіны

У Менску пачаўся суд над журналісткаю Палінаю Піткевіч

Паліна Піткевіч
Паліна Піткевіч. Крыніца: Наша Ніва
podpis źródła zdjęcia

7 сакавіка ў Менскім гарадскім судзе пачалі судзіць журналістку Паліну Піткевіч. Дзяўчыну вінавацяць ва ўдзеле ў «экстрэмісцкім фармаванні» (ч. 3 арт. 361–1 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Справу разглядае суддзя Святлана Чарапанава, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў. Паліне пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.

Журналістцы інкрымінуюць супрацу з онлайн-выданнем «MediaIQ», але дагэтуль невядома, у чым сутнасць абвінавачання.


Паліна Піткевіч была затрыманая ў Менску 6 чэрвеня 2024 года. Да суда яе трымаюць пад вартаю ў следчым ізалятары.


13 чэрвеня 2024 года Міністэрства інфармацыі Беларусі праз суд унесла ў пералік «экстрэмісцкіх матэрыялаў» сайт і сацыяльныя сеткі праекту «MediaIQ». 18 чэрвеня 2024 года КДБ Беларусі абвясціў онлайн-выданне «MediaIQ» «экстрэмісцкім фармаваннем», а Паліна Піткевіч была названая сілавікамі ўдзельніцаю гэтага медыяпраекту.


Сайт «MediaIQ» – праект беларускага Прэс-клубу. Выданне ставіць за мэту падвышэнне медыяпісьменнасці і прасоўванне культуры «ўсвядомленага стаўлення да інфармацыі ў медыях».


Паліна Піткевіч нарадзілася ў 1994 годзе. У 2016 годзе скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Пісала на культурніцкія тэмы.


Таксама Паліна вядомая як валанцёрка, якая дапамагала бяздомным жывёлінам. На ейных старонках у сацыяльных сетках можна знайсці мноства адпаведных абвестак. Са словаў знаёмых, у Паліны ў самой удома жыў не адзін выратаваны кот.


Паводле БАЖу, за кратамі ў Беларусі застаюцца 40 журналістаў і працаўнікоў медыяў.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10