Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп падчас свайго выступу перад журналістамі ў Белым доме заявіў пра жаданне правесці перамовы з Расеяй і Кітаем наконт ядравага раззбраення.
Трамп зазначыў, што цяпер найбольш ядравай зброі ў ЗША і Расеі, але цягам 4-5 гадоў Кітай іх дагоніць.
,,«Было б добра, калі б мы ўсе правялі ядравае раззбраенне. Бо магутнасць ядравай зброі вар’яцкая», – сказаў амерыканскі лідар.
Прэзідэнт ЗША падкрэсліў, што падчас свайго мінулага тэрміну ён сур’ёзна прасунуўся ў кантактах з Расеяй на тэму ядравага раззбраення, а таксама абмяркоўваў гэтую тэму з Кітаем. І цяпер «вельмі хоча распачаць гэтыя перамовы».
«Я прасунуўся далёка з Расеяй, нягледзячы на ўсе гэтыя глупствы пра «Расею, Расею, Расею». Гэта была поўная містыфікацыя, учыненая кепскімі людзьмі. Але я быў блізкі з Расеяй да праграмы раззбраення і мы збіраліся залучыць Кітай. Я размаўляў з прэзідэнтам Сі, ён быў бы рады далучыцца. Але адбыліся кепскія рэчы, такія, як сфальсіфікаваныя выбары. Таму нам давялося вярнуцца праз чатыры гады», – заявіў Трамп.
ЗША і Расея падпісалі некалькі дамоваў аб скарачэнні стратэгічных наступальных узбраенняў у 1991, 1993 і 2010 гадах.
У лютым 2023 года Расея прыпыніла ўдзел у Дамове аб стратэгічных наступальных узбраеннях, падпісаную з ЗША ў 2010 годзе. ЗША, у сваю чаргу, з 1 чэрвеня 2023 года перасталі перадаваць Маскве інфармацыю пра лакацыю сваіх стратэгічных узбраенняў, што траплялі пад дзеянне дамовы.
Падчас размовы з Пуціным у лютым Трамп звярнуўся да яго з просьбаю, каб Расея пасярэднічала ў кантактах з Іранам наконт ядравай праграмы.
Марыя Міхалевіч belsat.eu