Аляксандр Лукашэнка абараняе захаванасць сваёй сістэмы пасля таго, як яго не будзе ва ўладзе, і спрабуе спіхнуць адказнасць за сітуацыю ў краіне на іншых чыноўнікаў. Такія думкі «Белсату» выказалі эксперты, каментуючы пашырэнне паўнамоцтваў старшыняў выканкамаў. Спыталі, што з гэтага атрымаецца.
У канцы лютага Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 74 «Аб узмацненні ролі старшыняў выканаўчых камітэтаў базавага ўзроўню ў развіцці рэгіёнаў». Самымі прыкметнымі новаўвядзеннямі стала магчымасць для кіраўнікоў гар- і райвыканкамаў прызначаць кіраўнікоў прадпрыемстваў, у тым ліку прыватных, а таксама дазвол мясцовым ўладам самім выдаткоўваць прафіцытныя сродкі бюджэту, калі такія з'явіліся ў горадзе ці раёне.
Анансуючы змены, Лукашэнка тлумачыў іх неабходнасць тым, што без кіраўнікоў выканкамаў не атрымаецца дасягнуць планаў «пяцігодкі». Таксама з ягоных словаў вынікае, што дзяржаве трэба ўзмацніць кантроль над прыватным сектарам.
,,«А то ў нас атрымліваецца, што прыватнік – гэта наогул не дзяржава, гэта дзяржава ў дзяржаве», – сказаў ён.
Старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава расказала пра сваё бачанне перастановак ва ўладзе. З уласнага досведу Качанавай здавалася, што паўнамоцтваў хапае, але цяпер стала ясна, што нейкія задачы на месцах можна зрабіць хутчэй і эфектыўней без дадатковых узгадненняў. Яна адзначыла, што працаваць у вертыкалі проста – трэба проста ўважліва слухаць Лукашэнку і выконваць задачы, якія ён ставіць. Выходзіць, што паўнамоцтвы выканкамаў павялічваюцца, але пастановы ўсё адно трэба прымаць з аглядкаю на Лукашэнку.

Пасля ўказу № 74 улады пастанавілі нават перагледзець закон аб мясцовым самакіраванні. Аднак прынятыя змены ніяк не звязаныя з самакіраваннем, лічаць эксперты, з якімі паразмаўляў «Белсат».
Лукашэнка абараняе сваю спадчыну
На думку галоўнай рэдактаркі парталу «Plan B» Вольгі Лойкі, новаўвядзенні звязаныя з тым, што Лукашэнка не хоча пакідаць паўнамоцтваў свайму пераемніку, таму спрабуе максімальна спусціць іх уніз.
,,«Адсюль у нас ужо і ва ўрадзе віцэ-прэм'еры амаль такія ж, як прэм'ер. Рэч у тым, што калі на месца Лукашэнкі прыйдзе чалавек з такімі ж паўнамоцтвамі, то ад спадчыны Лукашэнкі не застанецца літаральна нічога, і вельмі хутка. Калі эканоміка і наогул краіна кіруецца знізу, то магчымасцяў для гэтага значна менш», – кажа Лойка.
Лукашэнка бачыць гэта як захаду бяспекі для самога сябе, зазначае суразмоўца. Аднак рызыкоўна гэткім чынам раздаваць паўнамоцтвы, кажа яна. Было б лагічней пачынаць рабіць гэта паступова. Напрыклад, паўнамоцтвы прэм'ера – кіраўніку вобласці. Калі ён дае рады, то перадаваць іх на ніжэйшы ўзровень. Цяпер выходзіць, што ва ўсіх раёнах і гарадах Беларусі кіраўнікі выканкамаў атрымалі новыя магчымасці – і не факт, што ўсе справяцца.
«У раёнах усе розныя людзі сярод кіраўнікоў. Хтосьці мацнейшы, хтосьці – слабейшы», – працягвае Вольга Лойка.
Самакіравання не будзе
Суразмоўца падкрэслівае, што ніякага самакіравання ў Беларусі не прадбачыцца. Бо аснова самакіравання – гэта магчымасць для людзей выбраць мясцовага кіраўніка.
«Тут нам проста прызначаюць чалавека, які атрымлівае шырокія паўнамоцтвы, хоць яны і раней былі вялікімі. Не сакрэт, што мясцовыя ўлады могуць сапсаваць бізнесу жыццё настолькі, што ён вымушаны мяняць лакацыю», – адзначае Вольга Лойка.
На ейную думку, ужо шырокія паўнамоцтвы мясцовых уладаў шмат у чым будуць фармалізаваныя. Аднак чыноўнікам пагражаюць яшчэ і адказнасцю за новыя магчымасці.
«Гэта таксама дзіўная тэма. Ці не атрымаецца, што трэба будзе павесіць на каго-небудзь адказнасць за дэпрэсіўны раён Віцебскай вобласці – і гэта будзе кіраўнік райвыканкаму?
Таму структура не выглядае вельмі працоўнай. Ва ўмовах адсутнасці выбараў мясцовых уладаў, ціску зверху, татальнага кантролю сілавікоў. Я не бачу, што б так моцна разняволіла мясцовыя ўлады», – адзначае Вольга Лойка.
Акрамя таго, кіраўнікам выканкамаў можа быць проста незразумела, што рабіць з уладаю, якая ў іх з'явілася. Напрыклад, якім чынам узгадняць ці не ўзгадняць кіраўнікоў прыватных прадпрыемстваў.
,,«Што мне можа не спадабацца, калі я кіраўнік выканкаму? Мне чалавека ў базе трэба прабіць на прадмет палітычнай лаяльнасці? А можа, ён не трапіў ні ў якую базу, а на справе нелаяльны, крый Божа? Куча бюракратычнай валтузні – і гэта дае магчымасць для злоўжывання сілавікам», – працягвае яна.
Акрамя таго, у выпадку з прызначэннямі з'яўляюцца ўмовы для росту карупцыі – за ўзгадненне патрэбных спецыялістаў проста могуць пачаць браць грошы.
«Калі маленькі Лукашэнка [мясцовы чыноўнік з вельмі шырокімі паўнамоцтвамі. – Заўв. рэд.] пачне працаваць не паводле закону, а як лічыць правільна, натуральна, вакол яго пачнуць стварацца структуры, што будуць дапамагаць у манетызацыі ягонай улады», – кажа эканаміст, кіраўнік праекту «Кошт ураду» Уладзімір Кавалкін.
Што ж да тлумачэнняў Наталлі Качанавай, як мусіць працаваць сістэма, то наўрад ці Лукашэнка сам хацеў бы, каб даслоўна выконваліся ягоныя ўказанні, мяркуе Вольга Лойка.
«Тым больш, што частка ягоных хацелак нават неперакладальная на нармальную мову: "Я хачу, каб цана была справядлівая". А я хачу, каб зімы не было. Добра, калі б ён казаў, як уладкаваць гэтую справу», – адзначае яна.
Калі план уладаў спрацуе, то яны атрымаюць Нобэлеўскую прэмію

Уладзімір Кавалкін кажа, што ўказ дапамагае будаваць ультралевы лукашэнкаўскі феадалізм, а не мясцовае самакіраванне.
«Для мясцовага самакіравання трэба развіваць парламентарызм, наўпроставую дэмакратыю. Самакіраванне – гэта калі людзі ў нейкім рэгіёне самі вызначаюць, на што выдаткоўваць грошы з бюджэту. А калі Лукашэнка прызначае чалавека, у якога шмат паўнамоцтваў, гэта пра феадалізм», – кажа эксперт.
На думку эканаміста, пасля 2020 года ўлады прынялі нейкую ўнутраную канцэпцыю, згодна з якой патроху будуць вяртацца да камандна-адміністрацыйнай эканомікі, як было ў маладосці Лукашэнкі ў СССР, але на новым аналітычна-інфармацыйным узроўні.
«Мне падаецца, Лукашэнка лічыць, што сучасныя тэхналогіі дапамогуць разлічыць так званыя справядлівыя цэны. Гэта цалкам левая ідэалогія, калі цэны фармуюцца не праз попыт і прапанову, а праз нейкія вылічэнні альбо загады. Гэты ўказ цалкам кладзецца ў гэтую логіку. Яны залазяць ва ўнутраныя справы прадпрыемстваў, каб праз сваіх людзей мець магчымасць уплываць на эканоміку прыватнага прадпрыемства і спрабаваць ствараць добры прадукт з нізкімі цэнамі», – працягвае Кавалкін.
Эксперт адзначае, што пакуль у свеце няма прыкладаў, каб такую сістэму зрабілі жыццяздольнай.
,,«Калі ў Беларусі нешта эфектыўнае з гэтага зробяць, можна будзе даваць ім Нобэля ў эканоміцы – гэта будзе сусветны прарыў», – працягвае Кавалкін.
Яшчэ адзін важны момант – гэта спроба перадаць адказнасць мясцовым уладам.
«Цяпер у Лукашэнкі будзе адгаворка: я вам даў усе паўнамоцтвы, а не вы робіце так, як трэба. Наступныя крокам будзе менавіта гэта. То бок гэта спроба выбудаваць сваю асаблівую мадэль дзяржавы і адразу ж спроба скінуць з сябе адказнасць за тое, што адбываецца ў краіне», – падводзіць рысу Уладзімір Кавалкін.
Што ўказ дазваляе выканкамам?

Указ дазваляе выканкамам самім выдаткоўваць сродкі, якія маглі застацца ў іх бюджэтах пасля ўсіх запланаваных выдаткаў. Раней грошы адпраўляліся ў абласны бюджэт.
Кіраўнікі выканкамаў маюць права дазваляць рабіць дзяржзакупы з адной крыніцы пры будаванні аб'ектаў, залучаных у інвестыцыйную праграму раёну або гораду. Праўда, закупы пры гэтым мусяць быць у арганізацыяў, у якіх больш за 25 % акцыяў належыць дзяржаве.

Расея сабралася збудаваць у Беларусі завод беспілотнікаў. Гэта не немагчыма, але ёсць пэўныя сумневы
Таксама чыноўнікі змогуць залучаць юрыдычных асобаў, індывідуальных прадпрымальнікаў і звычайных людзей да добраўпарадкавання тэрыторыяў агульнага карыстання. Ва ўказе гаворыцца, што рабіць гэта людзі мусяць сваімі сіламі і за свой кошт. Праўда, у дакуменце не гаворыцца, якім чынам іх будуць далучаць да неаплатнай працы.
Выканкамы могуць узгадняць прызначэнні і звальненні кіраўнікоў прадпрыемстваў. Гэта датычыцца і прыватных кампаніяў. Выключэнне толькі для органаў дзяржаўнай бяспекі. Старшыні выканкамаў будуць адказваць нават за прызначэнне галоўных спецыялістаў арганізацыяў аграсектару.
Для падтрымання дысцыпліны старшыні выканкамаў атрымалі права выносіць пісьмовыя патрабаванні аб ліквідацыі парушэнняў законаў і пакаранні працаўнікоў. За невыкананне такіх патрабаванняў пагражае адміністратыўная адказнасць.
Разам з тым пакараць могуць і саміх кіраўнікоў выканкамаў. Ва ўказе гаворыцца, што на іх ускладаецца персанальная адказнасць за іхныя распараджэнні, уладкаванне кадравых справаў і пісьмовыя патрабаванні да іншых.
Арсен Рудэнка belsat.eu