Ва ўкраінскім Ірпіні з'явіцца мемарыяльная табліца ў гонар беларуса Змітра Апанасовіча, які загінуў у сакавіку 2022 года.
Зміцер Апанасовіч (пазыўны Тэрор) прыехаў ва Украіну ў сакавіку 2022 года разам з Паўлам Горбачам (пазыўны Борт). Абодва беларусы ўдзельнічалі ў баях за горад Ірпінь пад Кіевам. Там 24 сакавіка 2022 года Апанасовіч атрымаў смяротнае раненне. Хлопца даставілі ў шпіталь, аднак выратаваць яго не ўдалося.
Вядома, што Зміцер нарадзіўся ў Смаргоні ў 1989 годзе. У 2013–2014 гадах служыў у 38-ай дэсантна-штурмавой брыгадзе ў Берасці. Апошнія чатыры гады жыў у Польшчы, працаваў дальнабойнікам.
Пасля шырокамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну захацеў далучыцца да яе абароны, таму ўступіў у батальён імя Кастуся Каліноўскага, у якім ваююць беларускія добраахвотнікі. Батальён увайшоў у склад Збройных сілаў Украіны, а байцы прынялі ўкраінскую прысягу на беларускай мове.
Нагадаем, нядаўна беларускую грамадскасць ускалыхнула смерць беларускі Марыі Зайцавай. Маладая дзяўчына з Гомля загінула на перадавой на Данбасе на наступны дзень пасля свайго дня нараджэння. Ёй споўнілася 24 гады. Марыю запомнілі дзякуючы фатаграфіі 9 жніўня 2020-га.
Ужо тры гады беларускія добраахвотнікі працягваюць абараняць Украіну ад расейскай агрэсіі, плацячы за гэта сваім жыццём. На сёння, паводле розных ацэнак, колькасць беларусаў, якія загінулі ў баях, можа даходзіць да 70 асобаў. З улікам рэпрэсіяў, якія пагражаюць на радзіме сваякам добраахвотнікаў, імёны шмат каго з іх, як і абставіны смерці, невядомыя.
Надзея Вольная belsat.eu