У Міністэрстве аховы здароўя паведамілі, што рост сезоннай захваральнасці сапраўды фіксуецца, аднак сітуацыя яшчэ не эпідэмічная. У краіне цыркулююць збольшага вірусы грыпу А і В ды негрыпозныя рэспіраторныя вірусы. Каронавірус таксама нікуды не падзеўся.
Чыноўнікі Мінздароўя запэўніваюць, што эпідэмічная сітуацыя ў Беларусі пад кантролем:
,,«Адзначаецца паступовы рост колькасці хворых. У структуры пераважае дзіцячае насельніцтва: каля 58 % усіх хворых. Узровень захваральнасці ніжэйшы за эпідэмічны».
Лабараторныя даследаванні паказваюць, што ў краіне цыркулююць вірусы грыпу А і В, а таксама негрыпозныя рэспіраторныя вірусы: парагрып, адэнавірусы, рынавірусы, каронавірусы.

Старшыня камітэту аховы здароўя Менгарвыканкаму Ігар Юркевіч асобна адсправаздачыўся, што ў сталіцы таксама эпідэмічны парог не перавышаны ані сярод дарослых, ані сярод дзяцей:
«Цыркуляцыя вірусаў характарызуецца нізкай інтэнсіўнасцю».
У якасці доказу таго, што эпідэміі няма, чыноўнік паказаў выявы з камераў назірання каля рэгістратураў паліклінік і ў прыёмных аддзяленняў шпіталяў. Камітэт у онлайн-рэжыме сочыць за колькасцю пацыентаў.
Менскія чыноўнікі таксама адрэагавалі на чуткі пра «хвалю захворвання новым вірусам», якія распаўсюджваюцца ў сацсетцы TikTok. «Гэта міф», – заявіў агенцтву «Минск-Новости» неназваны прадстаўнік камітэту аховы здароўя.
У Мінздароўя нагадалі захады прафілактыкі ў час сезонных хваробаў:
- кашляць і чхаць у сурвэтку або ў згіб локця,
- праветрываць памяшканні і рабіць вільготную ўборку,
- прытрымлівацца здаровага ладу жыцця,
- дастаткова адпачываць,
- трымаць сацыяльную дыстанцыю,
- часцей бываць на свежым паветры і мінімізаваць наведванне месцаў з людзьмі.
Сцяпан Кубік belsat.eu