Белстат паведаміў, што летась доля харчоў у спажывецкіх выдатках беларусаў склала 37,4 %. У параўнанні з 2023 годам гэты паказнік зменшыўся, аднак ён усё яшчэ істотна вышэйшы, чым у Еўразвязе.
У мінулым годзе, паводле выбарачнага даследавання Белстату, хатнія гаспадаркі мелі штомесяц рэсурсаў на 2415,2 рубля (пазалетась было 2079,3 рубля). У гарадах – болей, чым у вёсках: 2537,7 рубля супраць 2018,5 рубля.
Больш за 70 % гэтых грошай ішло на спажывецкія выдаткі – гэта выдаткі на харчы, алкагольныя напоі, тытунёвыя вырабы, нехарчовыя тавары, а таксама на паслугі.
Найбольшую долю ў гэтых спажывецкіх выдатках займала ежа: 37,4 % (пазалетась было 38,6 %). На нехарчовыя тавары пайшло 36 % (было 34,3 %), на аплату паслугаў – 24,1 % (было 24,5%).
У Расеі доля выдаткаў на харчы ніжэйшая, каля 36 %, а ў сярэднім у Еўразвязе – усяго 14 %. Пры гэтым у суседніх Польшчы і Літве гэты паказнік вышэйшы за сярэднееўрапейскі: 27,2 % і 26,5 % адпаведна.
Сцяпан Кубік belsat.eu