навіны

Абстрэл Крывога Рогу: 4 загінулыя, 32 пацярпелых

img
Наступствы расейскага ўдару па Крывым Розе, Украіна. 6 сакавіка 2025 года. Фота: dnipropetrovskaODA / Telegram
podpis źródła zdjęcia

У ноч на чацвер расейскія войскі атакавалі Крывы Рог у Днепрапятроўскай вобласці Украіны. Ракеты трапілі ў гатэль, жылыя дамы, крамы, пошту. Паводле мясцовых уладаў, бальшыня пацярпелых шпіталізаваныя, 14 асобаў – у цяжкім стане.

«Балістыка па звычайным гатэлі. Непасрэдна перад тэрактам туды засяліліся валанцёры адной з гуманітарных арганізацыяў – грамадзяне Украіны, ЗША і Вялікай Брытаніі. Яны засталіся жывыя дзякуючы таму, што здолелі спусціцца з пакояў. Але, на жаль, ад гэтага ўдару загінулі чатыры чалавекі. Мае спачуванні родным і блізкім», – напісаў у сваім Telegram-канале прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.


Як паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай абласной ваеннай адміністрацыі Сяргей Лысак, у выніку расейскай атакі ў Крывым Розе былі пашкоджаныя, акрамя гатэлю, 14 шматкватэрных жылых дамоў, 12 крамаў, пошта, не меней за 20 аўтаўмабіляў, установа культуры.

Паводле апошніх звестак, у выніку абстрэлу загінулі 4 асобы, 32 пацярпелі. Сярод параненых 13-гадовая дзяўчына і 17-гадовы хлопец.


Бальшыня пацярпелых шпіталізаваныя, 14 з іх – у цяжкім стане.


У горадзе працягваюць разбіраць завалы. 7 сакавіка ў Крывым Розе абвясцілі днём жалобы.


У Маскве яшчэ не каментавалі падрабязна гэтай атакі. Раней Расея абстрэльвала гатэлі ва Украіне і сцвярджала, што там былі вайскоўцы, таму гэта «законныя цэлі», нагадвае Расейская служба BBC.


У сённяшняй справаздачы расейскага Міністэрства абароны Крывы Рог згадваецца толькі ў пераліку сярод шасці паселішчаў, дзе расейскія вайскоўцы «нанеслі паразу жывой сіле і тэхніцы дзвюх механізаваных брыгадаў, брыгадзе берагавой абароны ЗСУ, дзвюм брыгадам тэрытарыяльнай абароны і атраду замежных наймітаў».


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10