Лукашэнка паставіў задачу актывізаваць працы ў пошуку рэдказямельных элементаў. НПЦ геалогіі вызначыла тры раёны Беларусі, дзе ёсць перспектывы іх здабычы.
Навукова-практычны цэнтр геалогіі правёў нараду наконт пошуку рэдказямельных элементаў у Беларусі, расказвае дзяржаўная інфармацыйная кампанія БелТА. Гэта адбылося на фоне цікавасці да гэтых элементаў з боку прэзідэнта Злучаных Штатаў Доналда Трампа і правалу ўгоды аб здабычы Амерыкаю гэтых металаў ва Украіне. Аляксандр Лукашэнка анансаваў, што будзе падрабязна размаўляць пра рэдказямельныя металы з Уладзімірам Пуціным найбліжэйшым часам. Міністру прыродных рэсурсаў Лукашэнка загадаў: «Трэба капаць, трэба глядзець, што ў нас у зямлі».
Кіраўнік НПЦ геалогіі Сяргей Масляк расказаў, што Лукашэнка паставіў задачу актывізаваць пошук рэдказямельных элементаў у Беларусі. Геолагі вызначылі «пэўныя перспектывы» выяўлення гэтых элементаў у межах Жыткавіцкага раёну Гомельскай вобласці, Шчучынскага і Гарадзенскага раёнаў Гарадзенскай вобласці.
«Цяпер спецыялістамі праводзіцца дэталёвае вывучэнне наяўнага фондавага геалагічнага матэрыялу для далейшага вызначэння складу і аб'ёму неабходных працаў», – адзначыў Масляк.
Дыябазавае рэдкаметальнае радовішча ў Жыткавіцкім раёне знайшлі яшчэ ў 1965 годзе, абгрунтаванне пераходу да дэталёвай выведкі абгрунтавалі яшчэ ў 1985 годзе. Інвестыцыі ў здабычу ацэньвалі на 162,6–213,6 млн долараў, даходнасць на 13,8–39,4 %, акупнасць на 4–9 гадоў. Адзначалі, што здабыча можа прынесці экалагічныя праблемы і будзе вымагаць спецыяльных захадаў у абароне навакольнага асяроддзя.
Рэдказямельныя металы, нягледзячы на назву, не такія і рэдкія ў прыродзе, але іх канцэнтрацыя ў радовішчах нізкая, яны «рассеяныя» па зямлі, таму іх здабыча і перапрацоўванне тэхналагічна складаныя, не заўсёды эканамічна мэтазгодныя. У рэзервах і здабычы рэдказямельных металаў дамінуе Кітай, які прадукуе каля 69 % рэдказямельных элементаў – мае амаль што манаполію на сусветным рынку.
Алесь Наваборскі belsat.eu