Літвакі – беларускія габрэі – пакінулі глыбокі адбітак на беларускай мове і, магчыма, беларускай кухні. І ўсё гэта магло знікнуць, калі б не сучасныя тэхналогіі, што не толькі дапамаглі зберагчы беларускую мову, але і далі новы імпульс яе развіццю.
Нашая госця, паліталагіня і медыяэкспертка Вераніка Лапуцька, ведае ўсё ЧАТЫРЫ дзяржаўныя мовы БССР: беларускую, расейскую, польскую і ідыш. Яна валодае і іншымі мовамі, з якіх для беларусаў асаблівае значэнне мае чэшская. Асаблівае, бо чэхі ў свой час таксама адраджалі сваю мову, калі іх пераконвалі, як той з вусамі казаў, што на іхнай мове «нічога нельга рабіць, толькі як размаўляць, бо на ёй нельга выказаць нічога вялікага».
А вы ведалі, што кожны дзень карыстаецеся спадчынаю, якую нам пакінулі літвакі? Як мінімум – размаўляючы па-беларуску? Бо нават дранікі габрэі лічаць сваёй стравай – вось толькі гатуюць яны іх троху інакш, чым беларусы. Таксама яны дадалі яшчэ адзін варыянт у шэраг назваў Беларусі – Райсн.
Вось пра ўсё гэта мы пагутарылі з Веранікаю.
У граматычнай частцы Віктар Шукеловіч дакладней распавёў пра гебраізмы – запазычанні з ідышу – у беларускай мове.
Ідыш – мова, якая паўстала на базе верхненямецкіх дыялектаў са шматлікімі запазычаннямі са старагабрэйскай і арамейскай. Габрэі патрапілі на тэрыторыю Беларусі аж у XIV ст., а ў XVIII-XIX ст. у некаторых гарадах іх колькасць сягала 70-80%. Сёння гэтая лічба, канечне, непараўнальна меншая. Ды і ідышу так проста ўжо не пачуеш...
Плёнам векавога суіснавання нашых народаў сталі шматлікія моўныя пазычкі. У ідыш траплялі беларускія словы, а ў нашую мову – ідішызмы, сярод якіх, напрыклад, труна, фанабэрыя, рахунак, гвалт, гандаль. Хто з нас іх не ведае?
Асобная тэма гэта эмацыйна-экспрэсіўная лексіка, што нашыя продкі пазычылі ў габрэйскіх карчмароў, гандляроў, краўцоў ды ліхвяроў, па чые паслугі звярталіся і з кім жылі побач. Прычым большасць з іх не знойдзеш у нарматыўных слоўніках, але яны працягваюць жыць у вуснах народу. Не заўсёды зразумелыя сучаснай моладзі, непаліткарэктныя – але такія каларытныя і сакавітыя!
У большасці сваёй добразычлівыя і рахманыя, але часам, як хочуць абразіць, то і рэзкія на слова беларусы маглі скарыстацца мовай суседзяў і назваць неразумнага чалавека шлёма, шлема́зл, ке́пала, мішугíн, ламеду́да. Махляра клікалі ге́рцыкам, блазана – лабу́шнікам, а непаслухмяных дзетак – шэ́йгецамі, баху́рамі і гíцалямі. Даставалася і жанчынам, пра якіх казалі проста – лаху́дра.
Беспарадак ды гармідар і сёння некаторыя назавуць халэ́мусам і вэ́рхалам, пра нейкія нячыстыя справы скажуць – ша́хер-ма́хер, пра доўгае непрывабнае адзенне – лапсарда́к. Ды і слова хана́ ў значэнні «канец» (нам усім хана!) аказваецца, прыйшло да нас ад братоў-габрэяў. Мы таксама ха́ім (то бок ганім) іншых, лэ́хаем ці ла́хаем у значэнні «вядзем пустыя гутаркі» ды ладзім гешэ́фты, то бок угоды. Вельмі цікавым падаецца гутаркова зніжанае слова хе́ўра ў значэнні «банда, шайка», якое, як ні дзіва, пайшло ад таго самага кораня, што і словы хаўрус і хаўруснік, якія ўжываем сёння са станоўчай канатацыяй у значэнні «саюз, саюзнік».
Больш за тое, паводле меркаванняў даследчыкаў, шмат якія словы турэмнага арго маюць таксама габрэйскае паходжанне: фра́ер («свабодны, той, які не сядзеў у турме»), шмон («ператрус»), ксíва («пашпарт, дакумент»), фе́ня («спосаб, чын»), ботаць («размаўляць»), халя́ва, хíпеш («вобшук»), малíна («зладзейскі прытулак»), ха́за («хата, дом»).
Адукацыйную праграму «Мова нанова» глядзіце штонядзелю на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), на YouTube-канале «БЕЛСАТ LIFE» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.