навіны

Незалежная журналістыка пад пагрозай праз палітыку і штучны інтэлект – Рада Еўропы

Людзі з партрэтамі беларускіх журналістаў і палітвязняў удзельнічаюць у Маршы беларусаў супраць бязвыбараў у Варшаве, Польшча. 26 студзеня 2025 года
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі з партрэтамі беларускіх журналістаў і палітвязняў удзельнічаюць у Маршы беларусаў супраць бязвыбараў у Варшаве, Польшча. 26 студзеня 2025 года. Фота: Aleksander Kalka / NurPhoto / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Злоўжыванне сістэмай Інтэрпола, рэпрэсіі, сачэнне і адно забойства. Такія згадкі пра Беларусь у штогадовым дакладзе Платформы бяспекі журналістаў, створанай Радай Еўропы для садзейнічання абароне журналістыкі і бяспецы журналістаў. Тым часам агульная тэндэнцыя ў свеце – расце пагроза пашырэння дэзінфармацыі і ціску на СМІ. Даведаліся, з якімі выклікамі сутыкаюцца журналісты.

У дакладзе «2024: супрацьстаянне палітычнаму ціску, дэзінфармацыі і эрозіі незалежнасці СМІ», які апублікаваны 5 сакавіка, гаворыцца, што рызыкі, з якімі сутыкаюцца журналісты, якія асвятляюць вайну Расеі супраць Украіны, заставаліся самымі актуальнымі праблемамі, звязанымі з бяспекай журналістаў у Еўропе ў 2024 годзе.


Аднак журналісты ў небяспецы не толькі ва Украіне. У дакуменце адзначаецца, што па стане на 31 снежня 2024 года 159 журналістаў знаходзіліся ў зняволенні па ўсёй Еўропе. З іх больш за ўсё ў Беларусі – 44 чалавекі. На другім месцы Азербайджан (30), затым Расея (29 плюс 28 чалавек на акупаваных Расеяй тэрыторыях Украіны). Яшчэ 27 палітвязняў журналістаў у Турцыі і адзін у Грузіі.


Таксама ў якасці сур'ёзных пагроз для СМІ ў Еўропе названыя лічбавая сачэнне за журналістамі, транснацыянальныя рэпрэсіі супраць журналістаў і тэндэнцыя да захопу СМІ ўрадамі некаторых краін. Аўтары адзначаюць, што ў прыватнасці гаворка ідзе пра Беларусь і Расею.


Што тычыцца сачэння, то аўтары дакладу ўспамінаюць, што ў траўні 2024 года арганізацыя «Access Now» і яе партнёры раскрылі інфармацыю аб тым, як прынамсі сем расейскіх, беларускіх, латвійскіх і ізраільскіх журналістаў і актывістаў, як мяркуецца, падвергліся нападам з дапамогай праграмы-шпіёна «Pegasus» кампаніі «NSO Group» на тэрыторыі ЕЗ.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына выкарыстоўвае свой iPhone перад будынкам ізраільскай кампаніі «NSO Group» у Герцліі, Ізраіль. 28 жніўня 2016 года. Фота: Jack Guez / AFP / East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына выкарыстоўвае свой iPhone перад будынкам ізраільскай кампаніі «NSO Group» у Герцліі, Ізраіль. 28 жніўня 2016 года. Фота: Jack Guez / AFP / East News

У дакладзе адзначаецца, што адбыліся некаторыя радасныя падзеі – аўстралійскі журналіст, заснавальнік «WikiLeaks» Джуліян Асанж быў нарэшце вызвалены з лонданскай турмы, а беларускі рэжысёр Андрэй Гнёт, які быў затрыманы ў Сербіі на запыт беларускіх уладаў, змог выехаць у бяспечную краіну. Гнёт быў арыштаваны па лініі Інтэрпола.


Як раз злоўжыванне сістэмай Інтэрпола з'яўляецца адной з тактык, якія некаторыя дзяржавы выкарыстоўваюць для пераследу журналістаў у выгнанні. Таксама Азербайджанскі журналіст Афган Садыгаў быў арыштаваны ў Грузіі ў жніўні 2024 года на запыт Азербайджана.


Да нядаўняга часу Грузія лічылася бяспечным месцам для журналістаў у выгнанні, аднак цяпер ім усё часцей адмаўляюць ва ўездзе ў краіну. Напрыклад, з гэтым сутыкнуўся беларускі журналіст Андрэй Мялешка, чэшскі журналіст Рэй Баселі, а таксама спецыяліст з Арменіі Арсен Харацян і фотажурналіст Стэфан Гос.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пратэстоўцы прымацоўваюць фатаграфіі пацярпелых журналістаў, палітыкаў і дэманстрантаў да сталёвай канструкцыі падчас пратэсту супраць рашэння ўраду Грузіі прыпыніць перамовы аб уступленні краіны ў ЕС да 2028 года. Тбілісі, Грузія. 8 снежня 2024 года. Фота: Davit Kachkachishvili / Anadolu via Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пратэстоўцы прымацоўваюць фатаграфіі пацярпелых журналістаў, палітыкаў і дэманстрантаў да сталёвай канструкцыі падчас пратэсту супраць рашэння ўраду Грузіі прыпыніць перамовы аб уступленні краіны ў ЕС да 2028 года. Тбілісі, Грузія. 8 снежня 2024 года. Фота: Davit Kachkachishvili / Anadolu via Getty Images

Платформа ўзгадвае пра 49 забойстваў журналістаў. У гэтым спісе таксама згаданая Беларусь. Гаворка ідзе пра смерць Алега Бябеніна напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2010 года. Генпракуратура тады заявіла пра самагубства, аднак блізкім журналіста смерць здавалася падазронай. Таксама ЕЗ заклікаў беларускія ўлады правесці празрыстае расследаванне.


Глабальныя пагрозы незалежнай журналістыцы


Даклад папярэджвае аб тым, што расце пагроза пашырэння дэзінфармацыі. У апошні час гэтаму стаў садзейнічаць кантэнт, які створаны штучным інтэлектам. Дэзінфармацыйныя кампаніі, якія стварыў штучны інтэлект, відэаролікі deepfake ўсё часцей выкарыстоўваюцца для дыскрэдытацыі журналістаў і падрыву даверу грамадства да СМІ.

Рэдакцыя «Белсату» ў 2020 годзе. Фота: Siarhei Padsasonny / Facebook

Што мы рабілі 9 жніўня 2020 года. Успаміны журналістаў «Белсату»

навіны

Партнёры платформы падрыхтавалі шэраг рэкамендацый, якія заклікаюць Раду Еўропу, Еўрапейскую камісію і 46 краін-чальцоў Рады Еўропы ўзмацніць прававую абарону журналістаў, забяспечыць гарантыі супраць дэзінфармацыі і прыняць меры па барацьбе з захопам і сачэннем за СМІ. Яны заклікаюць урады і інстытуты падтрымаць свабоду прэсы шляхам рэфармавання палітыкі, забеспячэння празрыстасці і ўзмацнення абароны ад пагроз і пераследаў.


Аднак, пытанне, ці прыслухаюцца палітыкі, паколькі ў дакладзе гаворыцца, што вынікі шматлікіх выбараў у краінах-сябрах Рады Еўропы і ў ЗША паказалі рост уплыву неліберальных і папулісцкіх партый.


«Гэтыя партыі, часцяком варожа настроеныя ў адносінах да крытычнай і грамадскай журналістыкі, праяўлялі гэта ў прыніжальнай рыторыцы, заканадаўчых абмежаваннях дзейнасці СМІ і ўмяшанні рэгулятараў, што падрывае працу грамадскіх вяшчальнікаў», – гаворыцца ў дакладзе.


Аднак аўтары дакладу глядзяць на будучыню з надзеяй, што ў тым ліку звязана з рэкамендацыямі краінам, якія ўваходзяць у Раду Еўропы, правесці рэформы.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10