Галоўная навінка – біяметрычныя звесткі заменяць пячатку ў пашпарце. Зменаў у механізмах атрымання візаў не прадбачыцца.
Дзяржавы Еўразвязу 5 сакавіка пагадзіліся запусціць сістэму заезду і выезду (Entry/Exit System, EES) – аўтаматызаваную сістэму ўліку падарожнікаў, расказвае «Euronews».
Пагадненне міністраў унутраных справаў, падпісанае ў Бруселі, адкрывае дарогу для запуску сістэмы гэтай восенню, але канкрэтнай даты яшчэ няма. Польшча, якая старшынюе ў Еўрапейскай радзе, мае запусціць перамовы з Еўрапарламентам для канчатковага пагаднення і зменаў у законах. Міністр унутраных справаў Польшчы Томаш Семоняк паставіў мэтаю запуск сістэмы ў кастрычніку.
Сістэма дазволіць замяніць звыклыя пячаткі ў пашпартах на збор біяметрычных звестак. Гэта будзе тычыцца грамадзянаў краінаў па-за Еўразвязам, якія прыбываюць у Шэнгенскую зону на тэрміны да 90 дзён у 180-дзённы адрэзак. Па прыбыцці ў гэтых грамадзянаў будуць збіраць адбіткі пальцаў праз электронную сістэму і фатаграфаваць іх, усе звесткі збіраць у адзіную базу, каб змагацца з тымі, хто парушае тэрміны перабывання ці прысабечвае чужую асобу.
У новай схеме маюць узяць удзел усе краіны Еўразвязу, акрамя астраўных Ірландыі і Кіпру, што не ўваходзяць у Шэнгенскую зону, а таксама чатыры краіны Шэнгенскай зоны па-за Еўразвязам: Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Нарвегія і Швейцарыя. У пашпарты грамадзянаў Ірландыі і Кіпру будуць, як і раней, ставіць пячаткі.
Цяпер дзяржавы Еўразвязу могуць адразу запусціць сістэму або запускаць яе паэтапна цягам шасці месяцаў. Раней запуск сістэмы адкладвалі праз тэхнічныя праблемы і негатовасць дзяржаваў, цяпер пастанавілі даць магчымасць паэтапнага запуску. У выніку ўсе пераходы мяжы мусяць рэгістравацца праз EES.
Алесь Наваборскі belsat.eu