У аўторак, 4 сакавіка, сталася вядома пра закладванне ў Маскве помніка першаму прэзідэнту Азербайджану Гейдару Аліеву і пачатак выплатаў кампенсацыі пасажырам лайнера «Embraer 190», які разбіўся 25 снежня 2024 года пад Актаў у Казахстане, паведамляе «Агентство. Новости».
Паводле звязанага з Крамлём палітолага Сяргея Маркава, з дапамогай помніка і кампенсацыяў Масква хоча ўладзіць канфлікт з Азербайджанам, які ўзнік пасля авіякатастрофы, бо да падзення лайнера прывёў удар расейскай СПА ў небе над Грозным.
Помнік Гэйдару Аліеву – бацьку цяперашняга прэзідэнта Азербайджану Ільхама Аліева – паставяць у скверы каля азербайджанскай амбасады ў Маскве нібыта за «выбітны ўнёсак у будаўніцтва БАМ». Мэр Масквы Сяргей Сабянін зазначыў, што з просьбай паставіць помнік звярнулася «супольнасць будаўнікоў БАМ», бо высілкамі Аліева, які на той момант займаў пасаду намесніка старшыні Савету міністраў СССР, было вырашана шмат праблемаў. Аднак, як заўважае «Агентство. Новости», у афіцыйнай біяграфіі Гэйдара Аліева на сайце прэзідэнта Азербайджану БАМ увогуле не згадваецца.
Кампенсацыі пасажырам лайнера авіякампаніі AZAL, які пацярпеў катастрофу, пачала выплачваць кампанія «Альфастрахование».
Напрыканцы лютага кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў паведаміў пра пастанову ўзнагародзіць ацалелых чальцоў экіпажу самалёта, двух бортправаднікоў, узнагародамі «За заслугі перад Чачэнскай Рэспублікай», а таксама паставіць у Грозным мемарыяльную пліту ў памяць аб ахвярах катастрофы.
Палітолаг Маркаў лічыць, што адкрыццё помніка Аліеву, выплата кампенсацыяў, чачэнскія ўзнагароды і разам з гэтым адмова Азербайджану галасаваць за рэзалюцыю ААН наконт вайны ва Украіне сведчаць пра тое, што крызіс у адносінах Масквы і Баку, які ўзнік пасля авіякатастрофы, сапраўды пераадолены.
Самалёт «Embraer 190» авіякампаніі «Azerbaijan Airlines», які ляцеў у Грозны, але не змог там сесці, разбіўся каля казахскага гораду Актаў 25 снежня 2024 года. Папярэдняе расследаванне катастрофы паказала, што лайнер быў збіты расейскай ракетай. Падчас спробы самалёта сесці ў Грозным у рэгіёне фіксаваліся атакі беспілотнікаў.
Ільхам Аліеў патрабаваў, каб Расея прызнала, што самалёт быў збіты СПА, перапрасіла перад Азербайджанам, пакарала вінаватых ва ўдары і публічна распавяла пра прычыны катастрофы. У Баку пастанавілі закрыць Расейскі дом і ліквідаваць радыё «Спутник», якое ўваходзіла ў расейскую дзяржаўную медыягрупу «Россия сегодня».
Марыя Міхалевіч belsat.eu