навіны

Расея займае месца, якое вызваляецца ад якаснай беларускай культуры – Нядбай

Агітацыйны «марафон адзінства» на «Менск-Арэне»
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Агітацыйны «марафон адзінства» на «Менск-Арэне». Менск, Беларусь. 24 студзеня 2025 года. Фота: Яўгенія Ляхавец / 1prof.by
podpis źródła zdjęcia

Палітычныя рэпрэсіі не забіваюць беларускую культуру, але заганяюць у падполле ці выгнанне, а на вызваленае месца прыходзіць расейская культура і «русский мир», расказваюць «Белсату» старшыня Беларускага ПЭНу і кіраўнік Беларускай Рады культуры.

Беларускі ПЭН апублікаваў маніторынг парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры за 2024 год і чарговы агляд такіх парушэнняў за мінулыя два тыдні. У дакументах – затрыманні, арышты, суды і пакаранні культурных дзеячаў, новыя праявы цэнзуры…


Глядзіце сюжэт пра парушэнні правоў чалавека ў сферы культуры ў «Аб’ектыве» ад 17:16:

Святлана Ціханоўская і Святлана Алексіевіч на сустрэчы ў Вільні, Літва. 1 сакавіка 2025 года. Фота: tsikhanouskaya / Telegram

«Патрэбныя моцныя галасы культурных дзеячаў». Ціханоўская сустрэлася з Алексіевіч

навіны

Сярод новых пунктаў у спісе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» – Instagram-старонка Рэсурснага цэнтру Беларускай Рады культуры. Кіраўнік Рады Сяргей Будкін кажа «Белсату», што ўжо збіўся з ліку, колькі разоў, хто і каго называў «экстрэмістам»: за апошнія тры гады было як мінімум чатыры суды, якія называлі розныя старонкі Рады культуры «экстрэмісцкімі». Працэс для яго прадказальны: «экстрэмізмам» называюць рэсурсы, звязаныя з культурай, гісторыяй, адукацыяй. 


На гэта Будкін ужо ніяк не рэагуе: перашкоды хіба матывуюць да далейшай працы і пошуку новых фарматаў узаемадзеяння з творцамі, бяспечных і не заўсёды бачных публічна. Адзначае, што людзі з Беларусі адпісваюцца ад «экстрэмісцкіх» каналаў, новыя менш падпісваюцца. Да гэтага Рада культуры нават заклікае сама, каб не ставіць людзей пад пагрозу рэпрэсіяў. Але гэта не спыняе дзейнасці Рады культуры: тая працягвае дапамагаць творцам, ствараць для іх новыя магчымасці ў тым ліку ў Беларусі, аб’ядноўваць беларусаў па абодва бакі мяжы.

,,

«Любое дзеянне нашай сферы накіраванае на напаўненне агульнай нашай беларускай культурнай прасторы, – падкрэслівае Будкін. – Дзе б самі творцы ні знаходзіліся, гэта наш агульны культурны здабытак».


Старшыня Беларускага ПЭНу (Instagram якога таксама запісалі ў «экстрэмісцкія матэрыялы») Таццяна Нядбай у каментары «Белсату» канстатуе: паляпшэння сітуацыі не назіраецца. За перыяд 15–28 лютага 2025 года зафіксавалі крыху меншую колькасць парушэнняў правоў, але нельга казаць пра істотнае паляпшэнне сітуацыі. 


Аўтары маніторынгу ўсведамляюць, што да іх трапляе не ўся інфармацыя, што дзеячы культуры не дзеляцца ўсёй інфармацыяй, дзейнічае самацэнзура. Таму ў маніторынгу ўжываюць фразу «як мінімум».

,,

«Працягваюцца масавыя звальненні і забароны на прафесію, – канстатуе Нядбай. – Гэта ўсё прыводзіць да моцнай дэградацыі культурнага асяроддзя. Рэпрэсіі супраць дзеячаў тэатру, кіно, літаратуры і музыкі ствараюць умовы, у якіх сапраўдная культура не можа існаваць і развівацца».


Наступствы рэпрэсіяў розныя. Адна з праяваў – зніжэнне мастацкага ўзроўню прадуктаў, бо ўлады зацікаўленыя не ў свабоднай творчасці, а ў прапагандысцкім кантэнце, і чыняць ідэалагічны кантроль. Яшчэ адна – вымушаная эміграцыя творцаў, якая аслабляе нацыянальнае культурніцкае поле. А тыя, хто застаюцца, не могуць у дастатковай ступені сябе праяўляць, бо ёсць самацэнзура і страх. 


Разам з дэградацыяй культурніцкага прадукту адбываецца ўзмацненне прысутнасці ў культурным і ідэалагічным жыцці Беларусі расейскай культуры і «русского мира», адзначае Нядбай. Расея мае на гэта і патэнцыял, і сродкі. І ўсведамляе важнасць гэтай сферы. Нядбай раіць даследаванне Паўла Церашковіча «Ідэалогія „русского мира“ і беларуская грамадская думка» (PDF), у якім падрабязна апісаная беспрэцэдэнтная культурная экспансія Расеі ў Беларусі.

,,

«Яна фактычна займае гэтае месца, якое вызваляецца ад якаснай беларускай культуры ўнутры Беларусі», – кажа Нядбай пра расейскую культуру.


Расейскія музыкі запаўняюць «Менск-арэну», тады як беларускія музыкі трапляюць у «чорныя спісы» ўладаў. Нядбай расказвае, што на сёння не відаць магчымасці выйсці з тых «чорных спісаў». Яна нагадвае нядаўнюю рэпліку Аляксандра Лукашэнкі: няма даравання тым, хто браў удзел у пратэстах. На гэтую думку, гэта каманда не дапускаць у прафесію нават тых, хто быў заўважаны ў нелаяльнасці.

,,

«Нельга ніколі казаць, што ў Беларусі знішчаная ўся культура і ў Беларусі нічога жывога не засталося, – даводзіць Нядбай. – Безумоўна, гэта ўсё ёсць. Яно існуе ў творчых колах, у фармаце кватэрнікаў, у фармаце нейкіх невялікіх выступаў. У фармаце моцна самацэнзураваных імпрэзаў».


Тыя, хто трапіў у «чорныя спісы», вяртаюцца да фармату, як у познесавецкія часы: з вуснаў у вусны перадаецца інфармацыя пра невялікія імпрэзы і кватэрнікі. Нядбай кажа, што не можа нават раскрыць усе тыя фарматы, у якіх у Беларусі адбываецца культурнае жыццё. Яно адбываецца, выжывае і захоўваецца, ды старшыня Беларускага ПЭНу нагадвае: культура не павінна быць загнаная ў вузкіх колах, павінна даходзіць да масавага спажыўца. А творцы ў цяперашніх умовах вымушаныя шукаць іншыя крыніцы даходу, а часам выязджаць з краіны нават тады, калі ім нічога не пагражае.


Наста Печанькова, Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10