навіны

ЗША ўвялі высокія мыты на тавары з Канады, Мексікі і Кітаю. Там пагражаюць адказам

Белы дом у Вашынгтоне. Фота: Zach Rudisin / Wikimedia
Белы дом у Вашынгтоне. Фота: Zach Rudisin / Wikimedia
podpis źródła zdjęcia

Ініцыяваныя Доналдам Трампам 25-адсоткавыя тарыфы для канадскай і мексіканскай прадукцыі пачалі дзеяць 4 сакавіка. Белы дом таксама абвясціў пра падваенне мытаў да 20 % на кітайскі імпарт.

Дональд Трамп у Авальным кабінеце ў Белым доме. Вашынгтон, ЗША. 30 студзеня 2025 года. Фота: Chip Somodevilla/Getty Images

Трамп распачаў сусветную гандлёвую вайну. Аскепкамі зачэпіць і Беларусь

Аналітыка

Мыты памерам 25 % на амаль увесь імпарт з Канады і Мексікі пачалі дзеяць праз некалькі гадзінаў пасля заявы амерыканскага прэзідэнта Доналда Трампа, што абедзве гэтыя дзяржавы не пачалі дастатковых захадаў для спынення плыні наркотыкаў у ЗША.

«Прэзідэнт [Доналд] Трамп падаў Канадзе і Мексіцы шырокія магчымасці для спынення дзейнасці небяспечных картэляў і прытоку смяротных наркотыкаў у нашую краіну, аднак тыя не здолелі належным чынам урэгуляваць сітуацыю», – заявілі ў Белым доме.

ЗША таксама падвоілі тарыфы на імпарт прадукцыі з Кітаю, з 10 % да 20 %, бо «КНР не распачала адэкватных крокаў для змякчэння крызісу, выкліканага забароненымі наркотыкамі».

Прэм'ер-міністр Канады Жустэн Трудо абвясціў увядзенне мытаў у адказ на тавары з ЗША на суму $ 155 мільярдаў. Раней ён адзначаў, што Канада нацэліцца на амерыканскае піва, віно, бурбон, побытавую тэхніку і апельсінавы сок. Паводле яго, амерыканскія тавары коштам $ 30 мільярдаў абкладуць мытамі неадкладна, а астатнія тавары коштам $ 125 мільярдаў – праз 21 дзень. Канада збіраецца абкласці тарыфамі тавары са штатаў, якія кантралююцца рэспубліканцамі.

Кітай таксама ўвядзе з 10 сакавіка дадатковыя мыты памерам 10–15 % на некаторыя віды амерыканскага імпарту, гаворыцца ў заяве Міністэрства фінансаў КНР 4 сакавіка. Акрамя таго, Пекін залучыў у спіс экспартнага кантролю 15 кампаніяў з ЗША.

Прэзідэнтка Мексікі Кляўдыя Шэйнбаўм раней таксама паабяцала адказаць Вашынгтону «тарыфнымі і нетарыфнымі захадамі». Яна выказала адкрытасць да перамоваў, патлумачыўшы, што праблемы развязваюцца не ўвядзеннем тарыфаў, а праз дыялог.

Мыты супраць Канады і Мексікі былі ўведзеныя 1 лютага, але пасля пэўных захадаў з боку Мэхіка і Атавы былі адкладзеныя.

Якуб Хруст belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10