Начальніца галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі Алена Гомарава прапанавала беларусам 4 сакавіка падвоіць сваю пенсію, часова адмовіўшыся ад яе.
«Першая праграма, якая дзеіць у нас даўно, – гэта адкладзеная пенсія. Чалавек [пры дасягненні пенсійнага веку. – рэд. Belsat.eu] прызначае пенсію, але, працягваючы працаваць, можа адмовіцца ад яе атрымання. Адпаведна, калі ён ужо не зможа працаваць, да яго будзе ўжытая так званая бонусная праграма», – сказала Алена Гомарава, перадае БелТА.
Чыноўніца адзначыла, што памер пенсіі будзе павялічаны ў залежнасці ад таго, на які перыяд работнік адмовіўся ад пенсіі. Мінімальны перыяд, на які можна адмовіцца, – два месяцы. Максімальны перыяд не ўсталяваны, ён можа складаць і 10, і 15 гадоў.
Бонусная праграма прадугледжвае, што пры адмове ад атрымання пенсіі на два месяцы бонусам налічваецца яшчэ 1 %.
,,«Калі ты ў выніку адмаўляешся на год – 6 %, на два гады – плюс 8 %, на тры гады – плюс 10 %, на чатыры гады – плюс 12 %, на пяць гадоў і больш – па 14 %», – заявіла Гомарава.
Такім чынам, за пяць гадоў адмовы ад атрымання пенсіі ў выніку можна павялічыць памер сваёй пенсіі амаль у два разы, сказала чыноўніца.
У Беларусі пенсійны век для мужчынаў, за выключэннем, напрыклад, сілавікоў, складае 63 гады, для жанчын – 58 гадоў. Пры гэтым сярэдняя працягласць жыцця ў мужчынаў складае 67,3 года, а ў жанчын – 77,7. Чыста статыстычна беларускім мужчынам адмаўляцца ад пенсіі на пяць гадоў фізічна немагчыма – яны яе проста не ўбачаць.
Якуб Хруст belsat.eu