«Гэтак званыя праваахоўныя органы – карныя органы, якія захоўваюць уладу рэжыму Лукашэнкі і абараняюць яго ўсімі сіламі», – сказаў прадстаўнік «BELPOL» Уладзімір Жыгар у каментары «Белсату» з нагоды Дня міліцыі, што адзначаюць 4 сакавіка.
Да прафесійнага свята беларускіх міліцыянтаў прымеркавалі адкрыццё новага будынку ГУУС Менскага гарвыканкаму. Яго пабудавалі ў Дабрамысленскім завулку ў цэнтры гораду побач са старым корпусам, які заадно адрамантавалі.
У інвестыцыйнай праграме Менску на 2024 год пазначана, што каштарысны кошт будаўніцтва гэтага будынку – Br 84,2 мільёна.
У Дзень міліцыі прадстаўнік арганізацыі былых сілавікоў «BELPOL» Уладзімір Жыгар назваў міліцыянтаў «карнікамі, якія ахоўваюць уладу рэжыму Лукашэнкі і абараняюць яго ўсімі сіламі». У каментары «Белсату» ён паведаміў, што цяпер у органах унутраных справаў працуюць не больш за 45 тысяч асобаў:
«Паводле нашай інфармацыі, цяпер агульны лік работнікаў гэтак званых праваахоўных органаў не перавышае 45 тысячаў, прычым гэта не толькі супрацоўнікі ў пагонах, гэта таксама вольнанаёмныя работнікі, напрыклад, бухгалтары».
Жыгар зазначыў, што ў міліцыі заўсёды быў некамплект, а пасля 2020 года сітуацыя пагоршылася:
,,«Тады вялікая колькасць супрацоўнікаў пакінула міліцыю. Набраць новых вельмі цяжка, бо аб'ём працы велічэзны, ну і заробак цяпер – Br 1400–2100. Так, можа быць болей, аднак усё залежыць ад звання, выслугі, аднак можа быць і меней, бо ёсць дэпрэміяванне, розныя спагнанні. З улікам таго, што ты працуеш „24 на 7“, наўрад нехта захоча працаваць у такім рэжыме. Плюс стаўленне людзей да міліцыі, натуральна, пагоршылася».
Суразмоўца «Белсату» таксама паспрачаўся з генпракурорам Андрэем Шведам, які месяц таму адсправаздачыўся Аляксандру Лукашэнку, што «ўзровень злачыннасці ў Беларусі дасягнуў гістарычнага мінімуму».
«Рост злачыннасці ўсё адно маецца ў шмат якіх рэгіёнах. Тое, што злачынстваў паменела, не азначае, што паменела зваротаў грамадзянаў. Швед казаў толькі пра заведзеныя крымінальныя справы, аднак не паводле кожнага звароту справу ўзбуджаюць», – растлумачыў Жыгар.
Прадстаўнік «BELPOL» яшчэ сказаў, што большая частка міліцыянтаў пачынае засяроджвацца на «рэальнай злачыннасці, а не на палітычным пераследзе».
«Адна рэч – выдумляць палітычныя справы, а іншая – змагацца з гэтак званымі народнымі артыкуламі. Тыя ж крадзяжы адлюстроўваюць становішча людзей, якія не могуць знайсці нармальнай працы і нармальна зарабляць, таму крадуць. Гэта адлюстроўвае цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі», – падсумаваў Уладзімір Жыгар.
Ірына Дарафейчук, Сцяпан Кубік belsat.eu