Былая палітзняволеная журналістка Ксенія Луцкіна, якая выйшла на волю ў жніўні 2024 года, расказала, што адчула сябе вольнаю толькі 3 сакавіка – у дзень эвакуацыі з Беларусі. Цяпер яна ў Вільні разам з сям’ёю.
«Цяпер я хачу рабіць самае галоўнае – жыць. Пры магчымасці працаваць, рабіць і проста жыць поўным жыццём. Я вельмі люблю жыццё і вельмі люблю сваю прафесію. Для мяне было б цудоўна, калі б я магла рабіць нешта практычнае, але я пакуль не вельмі разумею, як гэта магчыма», – сказала журналістка «Нашай Ніве».
У Ксеніі Луцкіной сур'ёзныя праблемы са здароўем: у жанчына пухліна галаўнога мозгу. За кратамі хвароба абвастрылася. Акрамя гэтага, Ксенія перанесла двухбаковую пнеўманію.
,,«Перш за ўсё, я не памятаю, як увогуле прыехала ў калонію, бо вывалілася з аўтазака – страціла прытомнасць. Мяне ў інвалідным вазку адразу прывезлі ў шпіталь, першы тыдзень я была там.
Нешта здарылася з маім арганізмам, зламаўся. Думаю, ён проста трываў два гады ў СІЗА, і праз вялізны стрэс пачалі развівацца сімптомы. Фізічны стан пачаў вельмі моцна пагаршацца. Улетку, перад вызваленнем, я магла ўжо 2-3 разы на дзень страціць прытомнасць», – расказала яна.
Цяпер Луцкіна плануе прайсці абследаванне, каб высветліць, што адбываецца з ейным здароўем. Ёй таксама прызначылі новыя лекі, дзякуючы ім яна больш не страчвае прытомнасць некалькі разоў на дзень, лепш выглядае. «BYSOL» зарганізаваў збор на дапамогу былой журналістцы.
Ксенія Луцкіна працавала ў Белтэлерадыёкампаніі. У жніўні 2020 года, пасля выбараў, яна далучылася да страйку працаўнікоў холдынгу, выказаўшы нязгоду з палітыкай кіраўніцтва, і пакінула пасаду спецыяльнай карэспандэнткі. Пасля ўвайшла ў асноўны склад Каардынацыйнай рады, дзе адказвала за сувязі з прэсай, і разам з іншымі журналістамі, якія звольніліся, планавала стварыць «альтэрнатыўнае тэлебачанне» на YouTube.
22 снежня 2020 года Луцкіну затрымалі ў Менску. Спачатку выставілі абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, але пазней перакваліфікавалі яго ў змову з мэтаю захапіць дзяржаўную ўладу. 28 верасня 2022-га ёй прысудзілі 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
20 жніўня 2024 года Луцкіну вызвалілі на падставе «памілавання», а 3 сакавіка 2025-га яна з дапамогаю каманды эвакуацыі «BYSOL» пакінула Беларусь.
Якуб Хруст belsat.eu