3 сакавіка Агенцтва вышуку і менеджменту актываў (АВМА) Украіны паведаміла пра паспяховую рэалізацыю чарговай партыі беларускіх угнаенняў.
Згодна з інфармацыяй ведамства, за 4299 тон хларыду калію ў 61 чыгуначным вагоне атрымалі каля 1,09 млн долараў.
Паведамляецца, што сярод іншага грошы пойдуць на набыццё ваенных аблігацыяў.
Нагадаем, што ў 2022 годзе Генеральная пракуратура Украіны паведаміла пра арышт 33 тыс. тонаў мінеральных угнаенняў, якія належаць прадпрыемствам з Расеі і Беларусі.
На сайце Офісу генпракурора гаварылася, што арыштаваныя чыгуначныя вагоны былі ўвезеныя на тэрыторыю Украіны з парушэннямі мытнага заканадаўства. Была распачатая крымінальная справа за ўхіленне ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 3 арт. 212 КК Украіны).
«Паводле следства, чыгуначныя кантэйнеры з угнаеннямі прыбылі ва Украіну яшчэ да пачатку поўнамаштабнага ўварвання [24 лютага 2022 года]. Яны заставаліся ў рэжыме «транзіт» у Мікалаеве на тэрыторыі марскога спецыялізаванага порту», – гаварылася ў заяве ўкраінскага нагляднага ведамства. Арыштаваную маёмасць перадалі ў АВМА.
Ёсць інфармацыя, што беларускі і расейскі калій перавозіўся ў трэція краіны для продажу і атрымання мільённых прыбыткаў, пры гэтым частка выручкі ў выглядзе падаткаў пайшла б на фінансаванне вайны РФ супраць Украіны.
Пра пачатак рэалізацыі беларускага хларыду калію (агулам 30 431 т) агенцтва абвясціла 15 лістапада 2024 года. Паведамлялася, што ў студзені 2025 года было прададзена ўгнаенняў на 2,7 млн долараў. 18 лютага ўкраінскі бок рэалізаваў 56 вагонаў з хларыдам калію на 1,02 млн долараў, 25 лютага – 50 вагонаў на 866 тыс. долараў.
Усе сродкі ад рэалізацыі арыштаваных актываў традыцыйна накіроўваюцца на ўзмацненне эканомікі і абароназдольнасці Украіны.
Надзея Вольная belsat.eu