Кіраўніком Міністэрства сельскай гаспадаркі прызначаны Юрый Горлаў, Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры – Аляксандр Студнеў.
У Беларусі – два новыя міністры. 4 сакавіка міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання прызначаны Юрый Горлаў. Дагэтуль ён займаў пасаду памочніка Аляксандра Лукашэнкі ў Гомельскай вобласці. На новай пасадзе Горлаў змяніў Анатоля Ліневіча, які пратрымаўся ў міністрах толькі восем месяцаў.
На пасаду міністра архітэктуры і будаўніцтва замест Руслана Пархамовіча, які кіраваў ведамствам больш за чатыры гады, прызначаны былы старшыня Магілёўскага гарвыканкаму Аляксандр Студнеў.
Нагадаем, 3 сакавіка Лукашэнка таксама праводзіў кадравыя прызначэнні. З новых зацвярджэнняў: Мікалай Снапкоў атрымаў пасаду першага намесніка прэм’ер-міністра; Уладзімір Каранік – намесніка прэм’ер-міністра; выканальнікам абавязкаў кіраўніка Гарадзенскай вобласці замест Караніка прызначаны Юрый Караеў; пасаду міністра сувязі і інфарматызацыі атрымаў Кірыл Залескі.
Падчас прызначэння новых кадраў у сацыяльны блок ураду Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што некаторыя кіраўнікі спрабуюць апраўдваць людзей, якія бралі ўдзел у паслявыбарчых пратэстах 2020 года, і загадаў не браць на працу тых, хто выступаў супраць яго. Лукашэнка назваў такіх людзей «ворагамі нашай дзяржавы», якія «сядзяць да пары, да часу пад венікам».
Надзея Вольная belsat.eu