Падчас сямейнага канфлікту ў Баранавічах нецвярозы мужчына спачатку напаў з нажом на жонку, а пасля нанёс яшчэ тры ўдары нажом сабе, каб скончыць жыццё самагубствам.
Як паведамляе brestcity.com са спасылкаю на мясцовы УУС, усё здарылася праз злоўжыванне алкаголем. Мужчына, які меў з ім праблемы, ужо праходзіў праз кадаванне. На такі крок, як паведамляе першакрыніца, ён пайшоў, каб захаваць сям'ю, бо інакш ягоная жонка збіралася з ім развесціся.
Безалкагольны перыяд працягнуўся, на жаль, нядоўга. Днямі мужчына зноўку вярнуўся дадому пʼяны. Ведаючы, што ў такім стане ён можа быць агрэсіўны, жанчына зʼехала з дому да сына. Але вярнулася праз пару гадзінаў, бо спадзявалася, што муж спіць. Аднак пралічылася.
Удома паміж параю завязаўся канфлікт. У выніку мужчына ўдарыў жонку нажом у грудзі. Пацярпелая змагла патэлефанаваць сястры, і тая выклікала хуткую дапамогу. Медыкі забралі жанчыну. Але пакуль прыехала міліцыя, парушальнік замкнуўся ў доме і спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, адкрыўшы ўсе газавыя фаеркі. Міліцыя знайшла яго з трыма нажавымі раненнямі: двума – у грудзі і адным – у шыю.
Вядома, што мужчына жывы. Распачатая крымінальная справа.
Надзея Вольная belsat.eu