навіны

Былую палітзняволеную журналістку Ксенію Луцкіну эвакуявалі з Беларусі

Ксенія Луцкіна і Андрэй Стрыжак
Ксенія Луцкіна і Андрэй Стрыжак. Фота: сацсеткі
podpis źródła zdjęcia

Дапамогу ў эвакуацыі аказвала каманда «BYSOL». Пра гэта напісаў у сацсетках Андрэй Стрыжак.

«Добрая раніца з добрай кавай! І ў добрай кампаніі. Дзякуй камандзе эвакуацыі "Байсол" і ўсім, хто зрабіў гэтую ранішнюю сустрэчу магчымай»,напісаў Андрэй Стрыжак.


Ксенія Луцкіна – былая журналістка, якой прысудзілі 8 гадоў калоніі. Яна мае цяжкае захворванне – пухліну ў галаўным мозгу.


«Учора нашая каманда эвакуацыі дапамагла выехаць з Беларусі журналістцы і былой палітзняволенай Ксеніі Луцкіной. Цяпер жанчына ў бяспецы, аднак мае патрэбу ў вашым падтрыманні», – паведамілі прадстаўнікі ініцыятывы «BYSOL».


Ксенія Луцкіна працавала ў Белтэлерадыёкампаніі. У жніўні 2020 года, пасля выбараў, яна далучылася да страйку працаўнікоў холдынгу, выказаўшы нязгоду з палітыкай кіраўніцтва, і пакінула пасаду спецыяльнай карэспандэнткі. Пасля ўвайшла ў асноўны склад Каардынацыйнай рады, дзе адказвала за сувязі з прэсай, і разам з іншымі журналістамі, якія звольніліся, планавала стварыць «альтэрнатыўнае тэлебачанне» на YouTube.


22 снежня 2020 года Луцкіну затрымалі ў Менску. Спачатку ёй прад’явілі абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, але пазней перакваліфікавалі яго ў «змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады». 28 верасня 2022 года суд прысудзіў Ксеніі Луцкіной 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.


У зняволенні ў Ксеніі абвастрыліся праблемы са здароўем: у яе была дыягнаставаная пухліна галаўнога мозгу, якая павялічвалася, выклікаючы нясцерпныя галаўныя болі і патрабуючы рэгулярнага прыёму лекаў. У лютым 2023 года Ксенія перанесла цяжкую двухбаковую пнеўманію, што яшчэ больш аслабіла ейны арганізм. Роўна праз год – у лютым 2024-га – яшчэ адну.


13 студзеня 2023 года МУС уключыў палітзняволеную ў «Спіс грамадзянаў Беларусі, замежных грамадзянаў або асобаў без грамадзянства, датычных экстрэмісцкай дзейнасці».


20 жніўня 2024 года Ксенія Луцкіна была вызваленая на падставе «памілавання», а 3 сакавіка 2025 года з дапамогай каманды эвакуацыі «BYSOL» пакінула Беларусь.


Пасля 4 гадоў у турме і перанесеных хваробаў ёй неабходная тэрміновая медычная дапамога, аднаўленне і падтрыманне. «BYSOL» адкрывае збор, каб дапамагчы Ксеніі пачаць новае жыццё.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10