У цэнтральнай раённай больніцы Мядзельскага раёну правялі комплекснае вучэнне, а ў санаторыі «Сосны» Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі – штабное трэнаванне.
У мядзельскай больніцы адпрацоўвалі дзеянні на выпадак дыверсіі. Паводле легенды вучэнняў, нейкая «дыверсійная група» пакінула больніцу без электрычнасці. Таму давялося падлучаць дызельную генератарную сістэму. У больніцы адпрацавалі і дзеянні на выпадак пажару – правялі эвакуацыю людзей.
У санаторыі «Сосны», паводле легенды, ліквідавалі загаранне аўтамабіля ў гаражы.
Нагадаем, узброеныя сілы пачалі правяраць баявую гатовасць. Беларусаў сталі масава выклікаць на вайсковыя зборы. Як заявіў кіраўнік Міністэрства абароны Віктар Хрэнін, захаду пачынаюць праз асаблівасці цяперашняй сітуацыі.
Павелічэнне колькасці вайсковых збораў у Беларусі назіраецца апошнія 3 гады. Акрамя вайны ва Украіне, гэтаму спрыялі і змены ў заканадаўстве, бо цяпер прызываць на зборы рэзервістаў можна часцей. А ў кастрычніку 2024-га скарацілі і тэрмiн уручэння позваў – з 10 да 7 дзён да пачатку збораў.
Выступаючы на Мюнхенскай канферэнцыі бяспекі, Уладзімір Зяленскі заявіў: Кіеў «дакладна разумее, што збіраюцца рабіць з Беларуссю». Таксама ён падкрэсліў, што Расея выкарыстоўвае тэрыторыю Беларусі як плацдарм для нападу:
Таксама нагадаем, што 26 лютага Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі была ратыфікаваная дамова паміж Беларуссю і Расеяй аб гарантыях бяспекі. Дакумент, у прыватнасці, прадугледжвае, што «з мэтай перадухілення і адбіцця актаў агрэсіі ў дачыненні Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь могуць стварацца вайсковыя і іншыя абʼекты Расейскай Федэрацыі, а таксама размяшчацца вайсковыя фармаванні Расейскай Федэрацыі».
Днямі Міністэрства абароны назвала дату правядзення супольных з Расеяй вучэнняў на тэрыторыі Беларусі «Захад-2025»: сярэдзіна верасня. І з усяго відаць, яны будуць вельмі маштабныя: удзел возьмуць каля 13 тысячаў асобаў. Пра гэта заявіў памочнік міністра абароны ў пытаннях міжнароднай вайсковай супрацы Валерый Равенка.
Надзея Вольная belsat.eu