Мытныя зборы на шэраг вуглевадародаў, што вывозяцца з Беларусі за межы Еўразійскага эканамічнага саюзу, з 1 сакавіка 2025 года павялічаныя амаль на 11%.
Гэта вынікае з пастановы Савету міністраў № 122 ад 28 лютага. Згодна з дакументам, апублікаваным на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале 4 сакавіка, экспартны збор на звадкаваныя вуглевадародныя газы цяпер складае 8,3 долара за тону (+10,7 %). На этан, бутан і ізабутан – 7,4 (+10,5 %).
З пачатку 2024 года застаюцца нулявымі мыты на вываз сырой нафты, мазуту, нафтавага бітуму, вазеліну і парафіну, адпрацаваных нафтапрадуктаў (на 1 снежня 2023 года – 24,7 долара за тону), прастагоннага бензіну (13,5 долара за тону), таварных бензінаў, дызельнага паліва, лёгкіх, сярэдніх дыстылятаў, бензолу, талуолу, ксілолаў, змазачных аліваў (7,4 долара за тону).
Нагадаем, стаўкі разлічваюцца паводле пэўнай формулы і залежаць ад кошту сыравіны на сусветных рынках. Беларускія мыты роўныя расейскім.
Надзея Вольная belsat.eu