Міністр унутраных справаў Беларусі Іван Кубракоў распавёў, што пасля таго як міліцыя пачала рабіць рэйды па «дармаедах» у Менску, цэнтры занятасці насельніцтва зарэгістравалі павелічэнне колькасці зваротаў.
Са словаў Кубракова, цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы ў побыце – забойствы, цяжкія цялесныя пашкоджанні – на 90 % здзяйсняюцца асобамі, не занятымі ў эканоміцы ці беспрацоўнымі.
,,«Таму яны ў нас пад асаблівым кантролем. І, вядома, мы праводзім пэўную працу. Праца дадзеная праводзіцца не толькі намі, яна праводзіцца супольна з органамі працы, з падраздзяленнямі падатковай інспекцыі», – зазначыў чыноўнік.
Паводле Кубракова, акрамя «дармаедаў», падчас рэйдаў выяўляюць таксамі сем’і, «у якіх ёсць дзеці, якім мала надаецца ўвагі бацькоў».
«Мы ставім іх на ўлік, працуем разам з медыцынай. І сёння мы ўжо бачым вынікі нашай працы. Сёння да падраздзяленняў працы і сацабароны, як мне дакладваюць супрацоўнікі менскай міліцыі, ужо выстройваюцца чэргі... – заявіў міністр. – І, вядома, усе, хто карыстаецца сацыяльнымі выгодамі, як я сказаў, яны павінны працаваць».
Станам на 1 лютага ў Беларусі на ўліку з нагоды беспрацоўя стаялі 3,1 тысячы чалавек. На 1 студзеня – 2,6 тысячы.
17 лютага Кубракоў даў міліцыі загад правесці «пазапланавыя адпрацоўкі» для выяўлення «працаздольных асобаў, не занятых у эканоміцы». Тых, хто не працуе з прычыны алкагольнай ці наркатычнай залежнасці, міністр загадаў адправіць у лячэбна-працоўныя прафілакторыі.
«У Менску гэтая катэгорыя будзе адпрацаваная на сто адсоткаў, – казаў Іван Кубракоў. – Працаваць мусяць усе, хто карыстаецца сацыяльнымі выгодамі, што дае дзяржава».
16 лістапада 2024 года на абласных «Дажынках» у Клімавічах Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі больш не будзе «бамжоў і дармаедаў» і ўсе мусяць «варушыцца».
На гэты момант беларусы, якія значацца ў базе не занятых у эканоміцы і маюць ва ўласнасці жытло, плацяць за ацяпленне, падагрэў вады і газ паводле поўных тарыфаў. Акрамя таго, яшчэ два гады таму пачаліся размовы пра тое, каб абмежаваць для «дармаедаў» і беларусаў, якія жывуць за мяжой, доступ да бясплатнай медыцыны.
Марыя Міхалевіч belsat.eu