Калі адкінуць эмацыйны складнік і спробы звесці прычыны публічнай часткі канфлікту ў Авальнай залі Белага дому да аналізу вонкавай рэакцыі ўдзельнікаў перамоваў, ва Уладзіміра Зяленскага было два варыянты выхаду з Авальнага кабінету – з дамовай на ўмовах каманды Трампа або без яе.
Дамова на ўмовах Трампа прадугледжвала сумеснае распрацоўванне Украінай і ЗША радовішчаў карысных выкапняў ва Украіне.
Што падпісанне дамовы ў такой рэдакцыі значыць для ЗША?
Няўжо нетры Украіны настолькі важныя для эканомікі свету нумар адзін ці пытанне тут зусім не ў эканамічным складніку? Для каманды Трампа падпісанне гэтай дамовы будзе азначаць буйны замежнапалітычны поспех у першыя два месяцы працы. Трамп атрымае рэпутацыю міратворца, які пасунуў самую маштабную вайну ў Еўропе ў бок спынення ваенных дзеянняў. Каманда Трампа зацікаўленая ў падпісанні дамовы не толькі з «альтруістычных памкненняў», але і будзе мець ад яе наўпроставую палітычную выгаду.
Што падпісанне дамовы значыць для Расеі?
Апроч перспектывы зняцця санкцыяў і аднаўлення гандлю з ЗША, еўрапейскія санкцыі без амерыканскага ціску страцяць частку сваёй эфектыўнасці. На жаль, на сённяшні дзень мала шанцаў, што кіраўніцтва Расеі захоча выдаткаваць дадатковыя сродкі на паляпшэнне дабрабыту насельніцтва. Хутчэй, мы бачым больш прыкметаў таго, што ў выпадку развіцця падзеяў паводле гэтага сцэнара Расея будзе інвеставаць вызваленыя рэсурсы ў мадэрнізацыю арміі.
Варта адзначыць, што Расея мала таго, што не падпісвае ніякіх пісьмовых абавязкаў, але ўсцяж не зрабіла ніякіх публічных заяваў аб прыпыненні агню, павазе тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны ці аб тым, што адмаўляецца ў будучыні ад замахаў на яе суверэнітэт. Больш за тое, паветраныя атакі Расеі працягваліся падчас перамоваў Трампа і Зяленскага, нават без сімвалічнага прыпынення агню, прынятага ў такіх выпадках, што красамоўна сведчыць аб сапраўдных намерах бакоў. Такім чынам РФ захоўвае свабоду дзеянняў для таго, каб у любы момант, скарыстаўшыся рэсурсамі ад прыпынення санкцыяў, аднавіць атаку на Украіну, не будучы звязанай нават мінімальнымі фармальнымі абавязаннямі.
І нарэшце, што ўгода значыць для Украіны?
Ці атрымае Украіна выразную ўпэўненасць у тым, што ў выніку заключэння гэтай дамовы Злучаныя Штаты абароняць яе ад будучых нападаў з боку Расеі? Адказваючы на пытанне журналіста падчас сустрэчы ў Авальным кабінеце пра тое, «як мы можам быць упэўненыя, што Расея не адновіць ваенных дзеянняў», Трамп сказаў, што «сам факт таго, што ЗША вядуць бізнес з Украінай, паслужыць гарантыямі бяспекі». І дадаў: «Пуцін не паважаў Байдэна і Абаму, таму ў іх не выйшла дамовіцца з ім, але Пуцін паважае мяне і са мной усё будзе інакш».
Але ці можа Украіна ў рэчаіснасці ставіць сваю бяспеку ў залежнасць ад таго, што новы прэзідэнт ЗША разлічвае на асаблівае эмацыйнае стаўленне Пуціна да сябе? І калі гэта сапраўды так, што перашкодзіла зафіксаваць гэта ў належных дакументах, як прынята ў пагадненнях такога ўзроўню?
Чаму ў выпадку з Украінай не было дастаткова такога «слова джэнтльмена» і каманда Трампа цалкам прадказальна настойвала на прапрацоўванні і падпісанні пісьмовых пагадненняў, а ў выпадку з Расеяй Трампу, падаецца, дастаткова непублічных дамоўленасцяў?
Ці разумна прэзідэнту краіны, якая ваюе, фактычна даваць згоду на зняцце эканамічнага ціску са свайго суперніка на такой зыбкай падставе? Тым больш, як высветлілася, Расея ўжо не раз парушала нават пісьмовыя дамоўленасці, не кажучы пра публічныя абяцанні не пачынаць вайны за некалькі дзён да ўварвання.
Няўжо Украіне настолькі неабходна прадаць ЗША свае рэдказямельныя металы?
Ці ўсё ж першачарговы інтарэс Украіны палягае ў тым, каб спыніць масавае забойства ўкраінцаў расейцамі, якое цягнецца ўжо тры гады ? Пра гэты жыццёва важны інтарэс Украіны ў пагадненні, на жаль, нічога няма.
Прэзідэнт краіны, якая ваюе, у першую чаргу павінен клапаціцца аб жыцці сваіх грамадзянаў і толькі пасля гэтага – аб тым, наколькі ягоныя дзеянні будуць задавальняць палітычныя амбіцыі краінаў-саюзніц.
Даць ЗША магчымасць зняць санкцыі з Расеі без гарантыі таго, што Злучаныя Штаты будуць укладвацца ў бяспеку Украіны, на мой погляд, можа аказацца безадказнай спробай «узяць крэдыт» ва ўласнай будучыні. Атрымаўшы ў выніку дамовы магчымасць узмацніцца і перагрупавацца, РФ можа зноўку напасці на Украіну.
Якія маглі б быць наступствы для Беларусі?
Ужо на гэтай стадыі зразумела, што добраахвотна палітычных вязняў Лукашэнка выпускаць не жадае. Замест гэтага ягоная адміністрацыя рэалізуе імітацыйны план, выпускаючы некалькі дзясяткаў палітвязняў з тысячаў і паралельна працягваючы саджаць у турму невінаватых.
Фактараў, якія маглі б паўплываць на Лукашэнку, не так шмат: драматычнае ўзмацненне санкцыяў, якое стварыла б пагрозу ўстойлівасці рэжыму; сур'ёзнае аслабленне Расеі як асноўнага спонсара і саюзніка Лукашэнкі.
Падпісанне Украінай пагаднення ў апублікаваным выглядзе, наадварот, адкрывае перспектывы зняцця санкцыяў і ўзмацняе РФ, якая, не ўзяўшы на сябе ніякіх абавязанняў, атрымлівае дадатковыя рэсурсы для нападаў на Украіну і падтрымання рэжыму Лукашэнкі. Такое развіццё падзеяў толькі аддаляе перспектывы вызвалення палітвязняў, бо змяншае матывацыю Лукашэнкі.
Што страціла Украіна, адмовіўшыся падпісваць гэтую ўгоду?
Гарантыі ЗША, якія абаранялі б усю Украіну ці хаця б радовішчы? Атрыманне зброі з ЗША і фінансаванне адміністрацыяй Трампа ваенных дзеянняў? Але калі Украіну ў рамках гэтага пагаднення схіляюць да замірэння, тады аб працягу якой перадачы зброі або фінансаванні абароны можа быць гаворка?
Украіна апынулася перад ультыматумам: працягваць ваяваць, страціўшы амерыканскае падтрыманне, або капітуляваць пад пагрозай яго страты. І ў выпадку працягу барацьбы хаця б захоўваюцца шанцы на выжыванне. У выпадку капітуляцыі такіх шанцаў наогул няма.
Украіна не адмаўлялася ад працягу прыняцця амерыканскай дапамогі, але ЗША паставілі ўмовы ўгоды такім чынам, што было зразумела: пры абодвух сцэнарах амерыканская дапамога будзе спыненая.
Але Еўрапейскі Звяз і Вялікая Брытанія – у адрозненне ад ЗША – не аддзеленыя ад Расеі акіянам і пацвердзілі гатоўнасць падтрымліваць Украіну надалей.
Зразумела, без амерыканскай фінансавай і вайсковай дапамогі працягваць абараняцца ад РФ будзе значна цяжэй. Злучаныя Штаты, у параўнанні з ЕЗ, далі няхай не 350 і не 500 мільярдаў долараў, як перабольшваў Трамп, але ўсё ж крыху менш за палову агульнай сумы падтрымання.

І калі Украіна выстаяла першыя дні ўварвання без усялякай дапамогі, то зараз шанцы выстаяць, пры захаванні падтрымання ЕЗ, нашмат вышэйшыя, нават пры ўмове спынення амерыканскай дапамогі.
Для Беларусі ж усё, што аслабляе РФ, набліжае вызваленне нашых грамадзянаў з закладнікаў Лукашэнкі. Таму найлепшае, што мы можам зрабіць у такой сітуацыі, – данат ЗСУ.
belsat.eu