Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што мог бы сысці ў адстаўку, калі б гэта гарантавала краіне ўступленне ў NATO. Пра гэта ён сказаў падчас размовы з брытанскімі журналістамі пасля саміту ў Лондане.
«Проста правесці выбары – недастаткова. Калі мяне мяняць, трэба яшчэ і дамовіцца са мной. Але я сказаў, што гатовы абмяняць сваю пасаду на NATO. Калі Украіна будзе ў Альянсе, а вайна скончыцца – гэта значыць, я выканаў сваю місію», – падкрэсліў Зяленскі.
Падчас размовы прэзідэнта Украіны таксама спыталі пра заклікі да адстаўкі, якія прагучалі пасля няўдалых перамоваў у Белым доме ад спікера Палаты прадстаўнікоў ЗША Майка Джонсана і сенатара Ліндсі Грэма.
У адказ Зяленскі з іроніяй прапанаваў даць Грэму ўкраінскае грамадзянства, каб ягонае меркаванне наконт таго, хто павінен быць прэзідэнтам Украіны, мела вагу:
«Калі ён станецца грамадзянінам нашай краіны, я буду слухаць ягоныя погляды на тое, хто павінен кіраваць Украінаю».
Акрамя таго, Зяленскі падчас інтэрв’ю адзначыў, што да пагаднення пра заканчэнне вайны «яшчэ вельмі і вельмі далёка», ніякіх рэальных крокаў у гэтым кірунку няма.
Падчас візіту ва Вашынгтон 28 лютага паміж Уладзімірам Зяленскім і Доналдам Трампам адбылася напружаная размова. Трамп абвінаваціў украінскага лідара ў непаважлівых паводзінах, а віцэ-прэзідэнт Джэй Ды Вэнс адзначыў, што Зяленскі нібыта не дзякаваў ЗША за дапамогу. У выніку прэс-канферэнцыю адмянілі, а Трамп пазней напісаў у «Truth Social», што Зяленскі «не гатовы да міру».
Амерыканскі сенатар і вядомы прыхільнік Украіны Ліндсі Грэм заявіў, што пасля гэтага інцыдэнту Зяленскі павінен або пайсці ў адстаўку, або змяніць сваю пазіцыю, бо ягоныя паводзіны ўскладняюць стасункі з ЗША. У адказ украінскі прэзідэнт падкрэсліў, што пытанне ягонай адстаўкі могуць развязваць толькі грамадзяне Украіны.
Раман Шавель belsat.eu