Аналітыка

З «Рассельгаснаглядам», ФСБ і СК РФ. Як у Абхазіі Расея вяртала ва ўладу тых, каго людзі скінулі ўвосень

Выбары ў Абхазіі. Фота: apsadgil.info
Выбары ў Абхазіі. 1 сакавіка 2025 года. Фота: apsadgil.info
podpis źródła zdjęcia

Абхазія – самаабвешчаная рэспубліка ў міжнародна прызнаных межах Грузіі – правяла пазачарговыя прэзідэнцкія выбары. Прычынаю сталіся масавыя пратэсты супраць дамовы з Расеяй, якія прайшлі ў лістападзе 2024 года і спрычыніліся да адстаўкі прэзідэнта. Але цяпер ягонага паплечніка абралі новым кіраўніком. Як кажуць, пры беспасярэднім і актыўным умяшанні РФ.

У лістападзе 2024 года абхазскі парламент меўся зацвердзіць інвестыцыйнае пагадненне з Расеяй. Дакумент прадугледжваў шэраг буйных ільготаў для расейскіх інвестараў, а таксама перадачу зямельных участкаў ва ўласнасць расейскім кампаніям. Крытыкі заяўлялі, што дамова ставіла мясцовы бізнес у пройгрышныя ўмовы і падрывала нацыянальныя інтарэсы.

У ноч на 12 лістапада пачаліся пратэсты. 15 лістапада ўдзельнікі ўварваліся ў будынак парламенту і адміністрацыю прэзідэнта Аслана Бжаніі. У выніку ратыфікацыя дамовы была сарваная, а сам прэзідэнт пакінуў сталіцу. Уначы 19 лістапада Бжанія заявіў пра сыход у адстаўку «дзеля захавання стабільнасці і канстытуцыйнага парадку ў краіне». Часовым кіраўніком краіны стаўся віцэ-прэзідэнт Бадра Гунба.

Пратэст супраць інвестыцыйнай здзелкі з Расеяй каля будынку парламента ў Сухуме, Абхазія. 15 лістапада 2024 года. Фота: IMAGO / RIA Novosti / Imago Stock and People / East News

Пад расейскімі сцягамі і (не) супраць Расеі: як у Абхазіі прэзідэнта скідалі

Аналітыка

Варта адзначыць, што ўдзельнікі акцыі пратэставалі супраць пагаднення з Масквой, але падкрэслівалі, што не выступаюць супраць РФ, неслі расейскія сцягі і скандавалі «Расея!». Праўда, Бжанія і настойваў на антырасейскасці пратэстоўцаў, называючы расейскія сцягі «крывадушшам». У МЗС Расеі «з заклапочанасцю» сачылі за падзеямі ў Абхазіі, якія не спрыялі «прыцягненню замежных інвестыцыяў», і вінавацілі ў гэтым апазіцыю.

Усе прарасейскія, але ў Крамля свой фаварыт

Новыя прэзідэнцкія выбары былі прызначаныя на 15 лютага. Першым зарэгістраваным кандыдатам стаўся ўжо вядомы паплечнік зрынутага ў лістападзе Бжаніі Гунба, які выконваў абавязкі прэзідэнта. Для гэтага ён пакінуў пасаду. Сярод іншых кандыдатаў былі віцэ-прэм'ер і міністр абхазскай эканомікі, адзін з лідараў восеньскіх пратэстаў Адгур Ардзынба, былы гандлёвы прадстаўнік Абхазіі ў Расеі Алег Барцыц, банкір Адгур Хурхумал і кіраўнік Кантрольнай палаты Роберт Аршба. Усе яны выказваліся за працяг хаўрусу з Расеяй.

,,

«Ва ўмовах Абхазіі гэта адзіны палітычны кансэнсус, які ёсць паміж усёй разрозненай абхазскай палітычнай элітай. Альтэрнатывы сяброўства з Расеяй у Абхазіі няма і не прадбачыцца ў бліжэйшай перспектыве. Любы абхазскі прэзідэнт, якія б цэтлікі на яго ні вешалі, будзе наладжваць стасункі з Масквой. І ніхто з кандыдатаў не дэманструе сябе як па-антырасейску настроенага палітыка», – тлумачыў «Вот Так» абхазскі палітолаг Інал Хашыг.


Тым не менш, Расея ўсё ж, падобна, вылучыла свайго фаварыта. У канцы студзеня Абхазію наведаў намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта РФ Сяргей Кірыенка, які сустрэўся з Гунбам і паабяцаў таму дапамагчы з рэканструкцыяй аэрапорту Сухумі, дабудоваю дзіцячай больніцы, запускам адукацыйнай праграмы для інжынераў і аднаўленнем вайсковых мемарыялаў. А віцэ-прэмʼер РФ Аляксандр Новак паабяцаў перагледзець інвестыцыйнае пагадненне з Абхазіяй, якое выклікала пратэсты ў лістападзе, і аднавіць пастаўкі электраэнергіі ў рэспубліку.

Перадвыбарчы плакат Бадры Гунбы. Фота: Сергей Петров / NEWS.ru
Перадвыбарчы плакат Бадры Гунбы. Фота: Сергей Петров / NEWS.ru

Палітолаг Хашыг адзначаў, што падтрымлівалі Гунбу і «шмат якія расейскія медыі», якія абяцалі таму перамогу з вялікай перавагай. У сваю чаргу ФСБ Расеі стварыла прэцэдэнт – пазбавіла грамадзянства РФ абхазскага апазіцыянера Левана Мікаа за «ўзмацненне напружанасці» каля расейскіх межаў.

Тым не менш галасаванне 15 лютага пераможцы не выявіла. Паводле абхазскага ЦВК, Гунба набраў 46,38 % галасоў, а апазіцыянер Ардзынба – 36,92 %. Другі тур прызначылі на 1 сакавіка.

Следчы камітэт пачынае справы

Ужо 17 лютага ў справу ўмяшаўся Следчы камітэт Расеі, хоць гаворка ішла пра фармальна незалежную краіну. Кіраўнік расейскага ведамства Аляксандр Бастрыкін даручыў праверыць інфармацыю пра агрэсіўную агітацыю «ў інтарэсах аднаго з кандыдатаў на прэзідэнта Абхазіі». Маўляў, невядомыя пагрозамі патрабавалі галасаваць за Ардзынбу. Праз некалькі дзён у справе з’явіліся і першыя фігуранты, сярод іх – далёкі сваяк апазіцыйнага лідара Дзмітрый Ардзынба. Неўзабаве СК РФ пачаў супраць іх крымінальную справу аб экстрэмізме – нібыта праз тое, што яны «публічна заклікалі да пераследу» армянаў, расейцаў і абхазаў, а таксама апраўдвалі рэпрэсіі ў дачыненні іх. Да спісу падазраваных дадалі таксама Энвэра Бганбу, пляменніка Валерыя Бганбы, які часова выконваў абавязкі прэзідэнта Абхазіі. Самога апазіцыйнага кандыдата расейскія сілавікі наўпрост не абвінавачвалі, але шмат на яго намякалі.

Выбары ў Абхазіі. 1 сакавіка 2025 года. Фота: Аpsnypress.info
Выбары ў Абхазіі. 1 сакавіка 2025 года. Фота: Аpsnypress.info

Як адзначаў «Вот Так», расейскія медыі таксама сталі больш актыўна падтрымліваць Гунбу. Гэтак, «Sputnik» публікаваў у сябе ягоныя допісы, пракрамлёўскі тэлеграм-канал «Readovka» абвінавачваў прыхільнікаў Ардзынбы ў сувязях з USAID, а прарасейскія і праармянскія сілы называлі Ардзынбу «антырасейскім» кандыдатам ад Турцыі. Таксама «Российская газета» заяўляла пра змову в.а. прэзідэнта Бганбы і Ардзынбы. Апроч таго, Бганбу абвінавацілі ў спробе «учыніць хаос» праз звальненне 17 лютага кіраўніка абхазскай спецслужбы СДБ Дзмітрыя Кучуберыі. Апошні тлумачыў сваю адстаўку тым, што Бганба быў не задаволены засіллем расейскіх сілавікоў у Абхазіі.

Адначасова пасля першага туру выбараў «Рассельгаснагляд» знайшоў шкоднікаў у мімозе, што пастаўлялася з Абхазіі, забараніўшы яе ўвоз у РФ. Забарона дзіўным чынам была скасаваная ў дзень другога туру выбараў, 1 сакавіка. А ў Абхазію працягвалі ехаць чыноўнікі з Масквы. Напрыклад, новыя захады падтрымання Абхазіі абмеркаваў з Гунбам, які фармальна на той момант не займаў ніякай пасады, міністр аховы здароўя Расеі Міхаіл Мурашка.

,,

«Такое ўмяшанне з боку Расеі можна расцаніць як беспрэцэдэнтны ціск на суверэнітэт Абхазіі. Візіты расейскіх міністраў, якія адкрыта дэманструюць падтрыманне толькі аднаму з кандыдатаў, падрываюць давер да выбарчага працэсу і ствараюць адчуванне, што Масква «цягне за вушы» свайго пратэжэ да прэзідэнцкага крэсла», – пісаў паўднёваасецінскі канал «БОНВ[Ӕ]РНОН».


Таксама 1 сакавіка Следчы камітэт РФ адзначыўся новаю крымінальнаю справай – ужо за тэрарызм. Падставай для гэтага сталіся паведамленні пра напад на адзін з выбарчых участкаў, у выніку чаго былі пашкоджаныя выбарчая скрынка і дакументы. Як заяўлялася, удзельнікаў нападу са стралянінай удалося затрымаць.

«Зайшлі людзі, якія хацелі дэстабілізаваць абстаноўку, але сітуацыя ўзятая пад кантроль», – сказаў старшыня абхазскага ЦВК Дзмітрый Маршан.

У штабе Гунбы заявілі, што такіх нападаў было некалькі. І абвінавацілі ў гэтым прыхільнікаў Ардзынбы. Сам апазіцыйны палітык заклікаў сваіх прыхільнікаў не паддавацца на правакацыі.

Вынікі выбараў у Абхазіі. 2 сакавіка 2025 года. Фота Аpsadgil.info
Вынікі выбараў у Абхазіі. 2 сакавіка 2025 года. Фота Аpsadgil.info

Крэмль перамог. Але што цяпер?

На наступны дзень, 2 сакавіка, былі абвешчаныя афіцыйныя вынікі: былы віцэ-прэзідэнт Гунба набраў 54,73 % галасоў, лідар апазіцыі Ардзынба – 41,54 %.

,,

«Мы віншуем Абхазію з вяртаннем Аслана Бжаніі», – напісаў абхазскі тэлеграм-канал «RESPUBLICA», што падтрымлівае Ардзынбу.


Здымак мае ілюстрацыйн характар. Фота: Новости Приднестровья

«Расея кінула іх на волю лёсу». Крызіс у Прыднястроўі паказвае, чаму няварта давяраць Крамлю

Аналітыка

Гунбу з перамогай ужо павіншаваў прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін. Інаўгурацыя новага прэзідэнта адбудзецца найбліжэйшым часам. Абхазская апазіцыя на момант рыхтавання матэрыялу яшчэ ніяк не пракаментавала афіцыйных вынікаў.

«Прызнаваць гэтыя выбары смешна – яны не нашыя», – адзначае рэдактарка «Нужной газеты» Ізіда Чанія.

Некаторыя ж праціўнікі маскоўскага ўмяшання ўжо кажуць пра «канец праекту незалежнай Абхазіі». Іншыя ж звяртаюць увагу на падзел мясцовага грамадства.

«Калі эйфарыя ад перамогі на выбарах пойдзе на спад і наступяць суровыя будні, Бадру Гунбу трэба будзе нешта рабіць вось з гэтымі 42 % галасамі супраць. Па-старому кіраваць, як гэта рабілі ягоныя тры папярэднікі на пасадзе прэзідэнта, не ўдасца. Каб выйсці з тупіка, куды доўгія гады заганялі краіну яе кіраўнікі, далейшая матэрыялізацыя выбарнага лозунгу «за стабільнасць» глядзіцца вельмі недасканалай для краіны і яе грамадзянаў задумаю», – піша палітолаг Хашыг.

Адзначым, што Міністэрства замежных справаў Грузіі асудзіла выбары ў Абхазіі. Яшчэ перад першым турам МЗС выпусціла заяву, у якой адзначыла, што яны «груба парушаюць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Грузіі ў межах яе міжнародна прызнаных межаў», ёсць «незаконнымі» і «не могуць пацягнуць ніякіх прававых наступстваў, бо супярэчаць асноватворным нормам і прынцыпам міжнароднага права». «Асуджае і не прызнае так званыя прэзідэнцкія выбары ў акупаваным Расеяй рэгіёне Грузіі Абхазіі» таксама Украіна.

Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10