МАгАтЭ правяло ратацыю свайго персаналу на часова акупаванай Запарожскай атамнай электрастанцыі праз тэрыторыі, захопленыя Расеяй, без узгаднення з Кіевам.
Пра гэта паведаміў карэспандэнт радыё «Свабода» Рыкард Юзьвяк. Гэтую ж інфармацыю пацвердзіла расейскае агенцтва «РИА Новости» са спасылкай на «Росатом», дзе заявілі, што ўпершыню для ратацыі назіральнікаў быў выкарыстаны маршрут праз тэрыторыю РФ.
,,«Адбылося тое, што яшчэ некалькі дзён таму падавалася немагчымым. МАгАтЭ размясціла свой персанал на тэрыторыі Запарожскай АЭС праз акупаваныя Расеяй тэрыторыі без узгаднення з Украінай», – напісаў Рыкард Юзьвяк у сваім акаўнце ў сацсетцы Х.
Некалькі дзён таму Юзьвяк заяўляў, што ратацыя, хутчэй за ўсё, адбудзецца праз Крым без згоды Украіны і насуперак папярэджанням Еўразвязу.
«Смелы крок Рафаэля Гросі, які імкнецца зрабіцца наступным генеральным сакратаром ААН», – напісаў Юзьвяк 28 лютага.
Міністэрства замежных справаў Украіны асудзіла рашэнне МАгАтЭ аб ратацыі працаўнікоў праз акупаваныя тэрыторыі, заявіўшы, што такія дзеянні нельга назваць сапраўднай ратацыяй.
У заяве ўкраінскага МЗС адзначаецца, што працаўнікі МАгАтЭ парушылі суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны ў выніку расейскага шантажу і спробаў Масквы навязаць міжнародным арганізацыям незаконныя механізмы працы на акупаваных тэрыторыях.
,,«Расея мэтанакіравана стварае штучныя перашкоды для дзейнасці міжнародных арганізацыяў ва Украіне, змушаючы іх парушаць украінскае заканадаўства, двухбаковыя пагадненні з Украінай і рэзалюцыі Генеральнай асамблеі ААН», – гаворыцца ў заяве.
МЗС Украіны падкрэсліла, што Масква прымусіла працаўнікоў МАгАтЭ заставацца на Запарожскай АЭС без ратацыі 80 дзён, што значна перавышае запланаваны тэрмін, і трымала іх у зоне падвышанай небяспекі пад псіхалагічным ціскам. Кіеў неаднаразова прапаноўваў бяспечны маршрут ратацыі праз падкантрольную тэрыторыю, але Расея адмаўляла ў гарантыях бяспекі.
«Мы разглядаем дзеянні МАгАтЭ не як ратацыю экспертаў на ЗАЭС, а як гуманітарную эвакуацыю ва ўмовах пагрозы жыццю і здароўю людзей, якія ёсць працаўнікамі Агенцтва», – падкрэслілі ў МЗС.
Украіна накіравала афіцыйную ноту пратэсту кіраўніцтву МАгАтЭ, асудзіўшы парушэнне свайго суверэнітэту, і мае намер вынесці гэтае пытанне на найбліжэйшае пасяджэнне Рады кіраўнікоў МАгАтЭ.
У МАгАтЭ пакуль не каментавалі гэтай сітуацыі.
Трэба адзначыць, што 5 лютага МАгАтЭ было вымушанае адкласці ратацыю місіі на Запарожскай АЭС праз адсутнасць гарантыяў бяспекі з боку Расеі. У МЗС Украіны неаднаразова заяўлялі, што Масква амаль заўсёды зрывае ратацыю: спачатку доўга не ўзгадняе маршруту і часу, а пасля за гадзіну да пачатку адкрывае агонь або пачынае баявыя дзеянні ў гэтай зоне.
Раман Шавель belsat.eu