Вялікая Брытанія і Францыя будуць супрацоўнічаць з Кіевам, каб распрацаваць план спынення вайны ва Украіне, і перададуць яго ЗША. Пра гэта паведаміў прэм'ер Вялікай Брытаніі Кір Стармэр пасля абмеркаванняў з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам, паведамляе Бі-Бі-Сі.
Да супрацы, магчыма, будуць далучаныя яшчэ адна ці дзве краіны, сказаў Кір Стармэр у эфіры Бі-Бі-Сі:
«Я думаю, мы зрабілі крок у правільным кірунку».
На ягоную думку, падчас размовы з Донадлам Трампам 28 лютага Уладзімір Зяленскі не зрабіў нічога кепскага. І дадае, што Трамп хоча бачыць трывалы мір ва Украіне, нягледзячы на сваю рыторыку і стаўленне да Зяленскага.
Паводле Стармэра, гарантыі бяспекі з боку амерыканцаў – прадмет інтэнсіўнага абмеркавання:
«Для мяне складнікі трывалага міру – гэта моцная Украіна, за якую можна змагацца, калі гэта неабходна, каб мець пазіцыю сілы. Гэта перамовы пра еўрапейскі элемент гарантый бяспекі. І менавіта таму я настойваю на тым, што мы будзем рабіць. І падтрыманне з боку ЗША. Гэта і ёсць пакет, усе тры часткі павінны быць на месцы, і менавіта над гэтым я старанна працую, каб звесці разам».
Пасля сваркі Доналда Трампа з Уладзімірам Зяленскім 28 лютага шэраг еўрапейскіх лідараў падтрымаў Украіну. Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон анансаваў дапамогу на сотні мільёнаў долараў.
Арсен Рудэнка belsat.eu