Падчас археалагічных раскопак у Крэўскім замку даследчыкі выявілі заходні кут трэцяй вежы. Доўгі час лічылася, што такой вежы не было.
Інфармацыю пра знаходку пацвердзіў кіраўнік даследаванняў Алег Дзярновіч на сваёй старонцы ў Facebook. Археолагі называюць знаходку сенсацыяй.
Фундамент вежы выявілі яшчэ ў ліпені 2023 года і тады ж закансервавалі. Паводле Дзярновіча, гэтае адкрыццё зламала даўно прынятую версію, што Крэўскі замак меў простую структуру – у выглядзе трапецыі з дзвюма вежамі. Новыя знаходкі сведчаць, што замак быў значна больш складаны і разгалінаваны.
,,«Праўдападобна, што менавіта ў гэтым месцы войскі князя Свідрыгайлы ў 1433 годзе прарваліся на замак. Вежа была пашкоджаная і больш не аднаўлялася. Гэтае адкрыццё перакрэслівае меркаванне, якое панавала дзесяцігоддзямі: што Крэўскі замак быў дастаткова прымітыўны, трапецыя з дзвюма вежамі. Высвятляецца, што структура замку была больш складаная і больш разгалінаваная», – пісаў у 2023 годзе даследчык.
У студзені 2025 года пасля абмеркавання на ўзроўні міністэрства было прынятае рашэнне працягнуць даследаванні трэцяй вежы. Напрыканцы лютага Дзярновіч паведаміў, што пад заваламі знайшлі захаваны заходні кут вежы.
Вядома, што знаходка выклікала спрэчкі сярод спецыялістаў, адзначае выданне «Флагшток». Адны лічаць яе сенсацыяй, бо падмуркі трэцяй вежы не згадваліся ні ў гістарычных крыніцах, няма іх і на старых планах і малюнках. Іншыя сцвярджаюць, што гэтае адкрыццё ставіць пад сумнеў якасць папярэдніх даследаванняў і рэстаўрацыі.

Гісторык і культурны антраполаг Сцяпан Стурэйка паставіўся да навіны крытычна: «Як гэта магчыма – праз тры ці чатыры дзесяцігоддзі археалагічных даследаванняў знайсці новую вежу? І як можна праводзіць рэстаўрацыю без такой базавай інфармацыі? Гэта не што іншае, як поўная дыскрэдытацыя археалогіі і навуковай рэстаўрацыі», – напісаў ён у Facebook.
Раней было вядома толькі пра дзве вежы Крэўскага замку – Княскую і вежу Вітаўта, што ўзвышаліся ў кутах замку і былі ўзведзеныя ў канцы XIV – на пачатку XV стагоддзя. Аднак новыя знаходкі сведчаць, што рэальны выгляд замку значна адрозніваўся ад ранейшых уяўленняў.
Адкрыццё сутарэнняў выклікала шмат дадатковых пытанняў. Хто іх збудаваў? У той час падземныя памяшканні мелі толькі выбітныя пабудовы, а ў касцёлах яны з’явіліся значна пазней: на мяжы XV і XVI стагоддзяў. Невядома таксама, адкуль былі майстры, якія змаглі ўзвесці гатычныя скляпенні ў XIV стагоддзі, калі на гэтых землях пераважалі візантыйскія будаўнічыя традыцыі.
Алег Дзярновіч мяркуе, што аўтарамі гэтай працы маглі быць ганзейскія майстры з Паўночнай Нямеччыны, якія перасяліліся ў Рыгу і Каралевец (сучасны Калінінград). Магчыма, менавіта яны ўзвялі ў Крэве магутны данжон з падземнымі памяшканнямі.
Крэўскі замак мае статус гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння і застаецца адным з самых старажытных замкаў на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага.
Раман Шавель belsat.eu