Грузінская арганізаваная злачыннасць – адна з найбольш абмяркоўваемых у Польшчы тэмаў у апошнія тыдні. Медыя б'юць трывогу, распавядаючы пра «брутальнасць» грузінскіх бандаў, у крымінальнай хроніцы грамадзяне гэтай краіны сталі заўсёднікамі, а на праблему ўжо вымушаныя рэагаваць улады. Галоўная камендатура паліцыі Польшчы дала нашым калегам з «Вот Так» статыстыку злачынстваў, учыненых грамадзянамі Грузіі. Ці сапраўды пагроза з боку грузінскіх бандаў настолькі вялікая – у гэтым матэрыяле.
Назад у «ліхія» 1990-я
«Грузінская мафія ў Польшчы брутальная і бязлітасная», «грузінскія банды не грэбуюць ніякай нажывай», «калі хутка не вырашыць пытання грузінскіх бандаў, яны могуць назапасіцца зброяй з Украіны» – з такімі загалоўкамі выходзяць артыкулы ў вядучых польскіх СМІ. Абмеркаванне этнічнай злачыннасці за апошні месяц перавандравала з крымінальнай хронікі на першыя палосы сайтаў папулярных выданняў.
Са слоў былога супрацоўніка крымінальнага аддзелу варшаўскай паліцыі Анджэя Мрочэка, які пракаментаваў сітуацыю парталу Onet.pl, «гэтыя групы [грузінаў] выкарыстоўваюць агнястрэльную і халодную зброю, дзейнічаюць з асаблівай жорсткасцю – прыпякаюць целы людзей цыгарэтамі і паліваюць іх кіпенем».
Мрочэк упэўнены, што сітуацыя ўжо пагоршылася настолькі, што патрабуе скаардынаваных дзеянняў усіх службаў, а таксама спрашчэння працэдураў, звязаных з дэпартацыяй і экстрадыцыяй злачынцаў.
«Мы бачым, што [у Польшчу] вяртаецца злачынная мадэль, характэрная для 1990-х, – Крымінал становіцца вельмі жорсткім, моцным і агрэсіўным. Грузінскія злачынныя групы ў Польшчы ўсё больш актыўныя. І яны сапраўды небяспечныя. Грузіны вельмі гвалтоўна становяцца часткай ландшафту арганізаванай злачыннасці, а таксама ўсё больш заўважныя ў звычайным, штодзённым крымінале», – распавёў у эфіры польскага тэлеканалу TVP Info інспектар Марэк Дыяш, былы начальнік крымінальнага аддзелу Галоўнай камендатуры паліцыі.
У нядаўнім матэрыяле, прысвечаным дзейнасці грузінскіх бандаў, выданне Newsweek Polska апісала ўзорны паўтаральны шаблон, па якім яны дзейнічаюць: гадзінамі сядзяць у аўтамабілях, назіраючы за патэнцыйнымі ахвярамі і вывучаючы іх расклад, а таксама сочаць за пунктамі абмену валютаў, банкаматамі, паводзінамі персаналу, арганізацыяй працы інкасатараў, не грэбуючы і звычайнымі людзьмі, у якіх можна чымсьці пажывіцца.
Дзёрзкія і ўзброеныя
Многія злачынствы грузінскіх бандаў здзяйсняюцца дэманстратыўна і дзёрзка. У Польшчы, якая ўжо паспела забыцца пра крымінальныя 1990-я, яны выклікаюць шок і вялікі грамадскі рэзананс.
Напрыклад, 30 снежня 2024 года трое грузінаў у адзенні дастаўшчыкаў ежы пасярод працоўнага дня зайшлі ў буйны варшаўскі гандлёвы цэнтр Westfield Mokotów. Яны абяззброілі ахоўніка з дапамогай слезацечнага газу, затым, пагражаючы супрацоўніцы ювелірнай крамы прадметам, які нагадваў зброю, разбілі вітрыны і забралі тавар (у асноўным дарагія наручныя гадзіннікі Hublot і Rolex) на суму больш за 2 млн злотых (каля $500 000). З месца злачынства яны ўцяклі на электрасамакатах.
Уцякаючы ад паліцэйскіх, 19 лютага 2025 года двое грузінаў разбілі некалькі аўтамабіляў у варшаўскім раёне Бэмова. Аднаму з іх удалося ўцячы. Пра «шалёную пагоню» па вуліцах польскай сталіцы напісалі многія СМІ. У гэты ж дзень з выкарыстаннем светлашумавых гранатаў у Зомбках пад Варшавай затрымалі двух грузінаў, якія нелегальна перавозілі зброю.

Праз тры дні восем грамадзян Грузіі зладзілі панажоўшчыну ля аднаго з рэстаранаў у самым цэнтры Варшавы. Трое атрымалі цяжкія раненні, адзін з пацярпелых пазней памёр у шпіталі.
Мяркуючы па крымінальных зводках, грузінскія банды пагражаюць не толькі ювелірным крамам, банкам і адно аднаму, але і звычайным грамадзянам. У снежні 2024 года ў Варшаве былі арыштаваныя чатыры сябры адной з грузінскіх бандаў, якія ў цёмны час сутак нападалі на выпадковых мінакоў у цэнтры польскай сталіцы. Яны жорстка збівалі свае ахвяры і адбіралі ў іх каштоўныя рэчы і грошы. Яшчэ адзін іх суайчыннік высочваў пажылых жанчын у банках, заходзіў разам з імі ў пад'езд, рабаваў і штурхаў з лесвіцы.
Гэта толькі некалькі самых гучных прыкладаў злачынстваў грузінскіх бандытаў, якія выклікалі вялікі рэзананс. Насамрэч, злачынствы, у якіх падазраюцца грамадзяне гэтай краіны, фіксуюцца ў Польшчы штодня.
Праблема, са слоў Анджэя Мрочэка, палягае яшчэ і ў тым, што грузінскія арганізаваныя злачынныя групоўкі ў Польшчы дзейнічаюць у шчыльнай каардынацыі са сваімі партнёрамі ў іншых еўрапейскіх краінах. У некаторых выпадках злачынствы здзяйсняюць «гастралёры», якія хутка пакідаюць тэрыторыю Польшчы. Гэта выклікае ў некаторых з іх пачуццё беспакаранасці, што вядзе да яшчэ большай эскалацыі злачыннай дзейнасці, лічыць Мрочэк.
«Вот Так» на ўмовах ананімнасці пагаварыў з супрацоўнікам муніцыпальнай паліцыі (Straż Miejska), які нясе службу ў адным з прыгарадаў Варшавы. Паводле яго, грузіны – найбольш небяспечныя злачынцы ў параўнанні з іншымі этнічнымі групоўкамі.
«У нашым горадзе колькасць прыезджых за апошнія некалькі гадоў значна вырасла. Прыехала шмат украінцаў, беларусаў, грузінаў. Ёсць невялікая чачэнская дыяспара, в'етнамцы. Не скажу, што ў нас праз гэта вельмі спакойна – сітуацыя з бяспекай пагаршаецца. Але, шчыра кажучы, менавіта ад грузінаў праблемаў найболей. Без іх не абыходзіцца аніводная буйная авантура. Калі мы з калегамі бачым іх у горадзе, асабліва групамі, адразу напружваемся, чакаем непрыемнасцяў. Такіх пачуццяў у нас ніхто больш не выклікае – ні ўкраінцы, ні чачэнцы, а з беларусамі і зусім праблем асаблівых няма», – падзяліўся сваімі ўражаннямі паліцыянт.
Час для дэпартацыяў
Сітуацыю з грузінскай злачыннасцю каментуюць і высокапастаўленыя польскія палітыкі. 25 лютага, выступаючы ў эфіры Польскага радыё, міністр унутраных спраў Польшчы Томаш Семоняк заявіў пра з'яўленне ў краіне «жорсткай імпартнай злачыннасці» і гатовасці ўладаў краіны да масавай дэпартацыі ўдзельнікаў злачынных арганізацый. У 2024 годзе, па словах Семоняка, з Польшчы былі дэпартаваныя каля васьмі тысяч замежнікаў.
У той жа дзень прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск напісаў у сваім Твітары: «Я атрымаў падрабязную інфармацыю ад шэфа МУС пра рашучыя дзеянні службаў у дачыненні да замежных бандаў. Здзейсненыя шматлікія затрыманні. Час на дэпартацыі».
Незадоўга да гэтага, у сярэдзіне лютага, польскія праваахоўнікі правялі буйную аперацыю па затрыманні замежнікаў, падазраваных ці абвінавачаных у здзяйсненні злачынстваў. Падчас яе былі затрыманыя 1474 замежнікі, а ў дачыненні да 398 распачатая працэдура дэпартацыі (сярод іх 60 грузінаў).
Мэр Варшавы і кандыдат ад кіруючай Грамадзянскай кааліцыі ў запланаваных на 18 мая 2025 года прэзідэнцкіх выбарах Рафал Тшаскоўскі з трывогай падкрэсліў, што на фоне агульнага падзення ўзроўню злачыннасці ў краіне колькасць злачынстваў, якія здзяйсняюцца грамадзянамі Грузіі, расце.

Паводле звестак Галоўнай камендатуры паліцыі, агульная колькасць злачынстваў, здзейсненых у Польшчы грамадзянамі іншых краінаў, у 2024 годзе знізілася. Калі са студзеня да канца кастрычніка 2023 года яны здзейснілі 14 416 злачынстваў, дык у аналагічны перыяд 2024 года – 13 556. Сярод іх 7965 украінцаў і 1540 грузінаў.
Зрэшты, калі паглядзець на абсалютныя лічбы пад іншым вуглом, карціна мяняецца. На тэрыторыі Польшчы легальна знаходзяцца больш за паўтары мільёны грамадзянаў Украіны. Такім чынам, улічваючы звесткі паліцыі, летась злачынствы здзяйснялі толькі 0,5% ад іх агульнай колькасці, або кожны двухсоты. Колькасць грузінаў у Польшчы набліжаецца да 30 тысячаў. Злачынцамі за няпоўны 2024 год сталі каля 5% з іх, або кожны дваццаты.
Менш крадзяжоў, больш разбояў
«Вот Так» звярнуўся ў польскую паліцыю з просьбай прадставіць звесткі пра злачынствы, якія на працягу апошніх трох гадоў (2022–2024 гады) здзяйснялі ў Польшчы грамадзяне Грузіі. Аказалася, што колькасць крадзяжоў пасля росту з 1032 да 1111 у 2023 годзе на наступны год рэзка ўпала да 472. Стабільна падае колькасць крымінальных спраў за кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага або наркатычнага ап'янення (524, 410, 334 адпаведна).
Аднак, колькасць абвінавачаных у збіцці за апошні год вырасла больш чым удвая – з 34 да 77 выпадкаў. Двойчы з 2022 па 2024 год павялічылася і колькасць крымінальных спраў, пачатых у дачыненні да грамадзян Грузіі за разбой (з 9 да 18) і напады з выкарыстаннем агнястрэльнай зброі (з 7 да 13). Упершыню і адразу 13 грузінаў абвінавацілі ў выкарыстанні падробленых рэгістрацыйных знакаў на транспартных сродках. Вырасла з нуля ў 2022 годзе да васьмі ў 2024 годзе колькасць абвінавачванняў у здзяйсненні «дзёрзкіх крадзяжоў».
Мяркуючы па інфармацыі ў паліцэйскіх зводках і СМІ, у апошнія месяцы многія злачынствы ўдзельнікаў грузінскіх арганізаваных злачынных груповак носяць менавіта гвалтоўны характар.
Іван Лысюк, vot-tak.tv / ЮК belsat.eu