навіны

Ежа перастала быць самым вялікім артыкулам выдаткаў беларусаў упершыню за ўсю гісторыю назіранняў

Гародніна на рынку Шэмбэка
Гародніна на рынку Шэмбэка. Фота: Аліса Ганчар / Белсат
podpis źródła zdjęcia

Ежа перастала займаць самую вялікую долю ў выдатках беларусаў упершыню з 1995 года. У чацвёртым квартале 2024 года на першым месцы апынуліся нехарчовыя тавары. Тым не менш за рысай беднасці ў краіне жывуць 3,4 % людзей, хоць гэты паказнік і зменшыўся за апошнія гады, паведамляе Белстат.

Найбольшым артыкулам выдаткаў беларусаў у апошнія тры месяцы 2024 года былі нехарчовыя тавары (37,7 %). Затым ежа (36,9%) і паслугі (23 %, з іх камунальныя – 5,9 %).

З 1995 года ежа традыцыйна была самым вялікім артыкулам выдаткаў беларусаў. Напрыклад, у 2020 годзе выдаткі выглядалі наступным чынам: на першым месцы была ежа (39,1%), на другім месцы – нехарчовыя тавары (33,9%), а на аплату паслуг ішло 24,3% выдаткаў.

Змяненне ў 2024 годзе можа быць звязанае з тым, што летась значна выраслі рэальныя даходы беларусаў, на 9,7 %, а заробкі – на 13 %. Аднак у 2025 годзе чакаюцца больш сціплыя паказнікі. Чыноўнікі на гэты год плануюць рост даходаў толькі на 4 %.

Нягледзячы на змены, доля выдаткаў на ежу ў Беларусі вельмі высокая. У апошнія гады ў Беларусі гэты паказнік складае каля 40 %. Напрыклад, у Польшчы ў 2023 годзе ён быў на ўзроўні 27,2 %.

У той жа час у Беларусі ў чацвёртым квартале 2024 года 3,4 % людзей жылі за рысай беднасці, гэта значыць на сродкі, меншыя за пражыткавы мінімум. Па выніках 2020 года гэты паказнік складаў 4,8 %. Сярэдні пражыткавы мінімум з лютага 2025 года складае 447,64 рубля.

Найбольшая доля малазабяспечаных людзей у Магілёўскай і Гомельскай вобласцях (5,1 %), а найменшая – у Менску (1,1 %).

Доля малазабяспечаных людзей у Беларусі ў розных вобласцях. Інфаграфіка: Белстат
Доля малазабяспечаных людзей у Беларусі ў розных вобласцях. Інфаграфіка: Белстат

Існуе адчувальная розніца паміж гарадамі і сельскай мясцовасцю. У гарадах доля малазабяспечаных склала 2,8 %, а ў сельскай мясцовасці – 5,5 %.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10