У канцы мінулага года ў Польшчы спыненая партыя з 1800 паддонаў фанеры на суму 3,2 млн злотых (блізу 800 тысяч долараў). Пра гэта паведамляе Люблінская мытна-падатковая служба.
Паліцыянты высвятляюць, ці не звязаная затрыманая партыя з абыходам санкцыяў супраць Беларусі і Расеі, якія не могуць прадаваць у ЕЗ шэраг прадукцыі з дрэва.
Правяраюцца мытныя дэкларацыі, асабліва тыя, дзе краінай паходжання тавару пазначаныя Кітай і Казахстан, а транзітнымі краінамі – Беларусь, Літва і Латвія. Можа быць так, што паддоны насамрэч паходзяць з Беларусі ці Расеі, а дакументы падробленыя.
Паводле Люблінскай мытна-падатковай службы, у большасці выпадкаў атрымальнікамі ёсць кампаніі, зарэгістраваныя на тэрыторыі Польшчы, але прадстаўнікамі якіх выступаюць грамадзяне Беларусі.
Люблінская мытна-падатковая служба ініцыявала 15 падрыхтоўчых працэдураў паводле падазрэння ў мытным махлярстве. Разборы тычацца 1000 паддонаў фанеры коштам 1,5 млн злотых (каля 370 тысяч долараў).
Акрамя падрыхтоўчых працэдураў, праводзяцца мытныя і падатковыя правяранні 23 мытных дэкларацыяў, якія тычацца амаль 800 паддонаў фанеры на суму 1,7 млн злотых (каля 420 тысяч долараў). У гэтых выпадках заяўленымі краінамі паходжання ёсць пераважна Казахстан і Кітай.
Восенню 2024 года крыніцы «Белсату» распавядалі, што продаж беларускай драўніны ў Еўразвяз пад выглядам кітайскай набірае абароты. З’яўляецца ўсё больш кампаніяў, гатовых укладацца ў імпарт падсанкцыйных тавараў з мэтай эканоміі. Як працуе схема, можна пачытаць тут.
Арсен Рудэнка belsat.eu