У дзень свайго 60-годдзя памёр знакаміты ў 1990-х і пачатку 2000-х скандальны прапагандыст Юрый Азаронак. Пра гэта паведаміў ягоны сын – нават больш скандальны прапагандыст Грыгорый Азаронак.
Прапагандыст Грагорый Азаронак паведаміў 28 лютага ў сваім Telegram-канале, што дзень раней памёр ягоны бацька Юрый Азаронак. Яго пахаваюць у Лепелі, на «зямлі продкаў», як напісаў сын.
Смерць здарылася ў дзень 60-годдзя Юрыя Азаронка. Смерць у даволі маладым веку ягоны сын патлумачыў «сукупнасцю хваробаў». У паведамленні пра смерць бацькі ён адзначыў, што той меў «цяжкі характар». Паабяцаў «працягваць ягоную справу дзеля славы Аляксандра Лукашэнкі».
Юрый Азаронак нарадзіўся ў 1965 годзе ў вёсцы Рудня Віцебскай вобласці. Вучыўся ў Акадэміі мастацтваў, яшчэ студэнтам уступіў ва ўльтраправы прарасейскі «Славянскі сабор Белай Русі», які супрацоўнічаў з рознымі неанацысцкімі рухамі і партыямі.
Праславіўся фільмам «Ненависть. Детектор лжи», у якім параўноўваў беларускую апазіцыю з калабарантамі часу Другой сусветнай вайны. Паводле ўспамінаў радыё «Свабода», пасля гэтага фільму тагачасны кіраўнік Згуртавання беларускіх вайскоўцаў Мікола Статкевіч знайшоў адрас Азаронка, выклікаў яго на лесвічную клетку і даў аплявуху, атрымаў за гэта штраф. Пазней Азаронкі сталі заяўляць, што гэта Юрый пабіў Міколу, а не наадварот.
Затым Юрый Азаронак зняў яшчэ шэраг прапагандысцкіх фільмаў, стаў загадчыкам літаратурна-драматычнай рэдакцыі Белтэлерадыёкампаніі, затым загадчыкам інфармацыйнага аддзелу, урэшце намеснікам старшыні Белтэлерадыёкампаніі.
Юрый Азаронак трапляў у нямала скандалаў. З ім судзіліся Анатоль Лябедзька (які нават перамог у першай інстанцыі, але вышэйшая інстанцыя скасавала рашэнне), Сямён Домаш, Павел Казлоўскі. Праз працу на падтрыманне Лукашэнкі Юрый Азаронак трапіў у 2006 годзе пад санкцыі Злучаных Штатаў і Еўразвязу.
У 2007 годзе на конкурсе «Еўрабачанне» Юрый Азаронак ударыў расейскага спевака Філіпа Кіркорава, прадзюсара прадстаўніка Беларусі Дзмітрыя Калдуна. За гэта яго не пакаралі, а неўзабаве ўзнагародзілі званнем «Заслужанага дзеяча культуры Беларусі». Пасля наступнага «Еўрабачання» яго ўсё ж звольнілі. Ён тлумачыў гэта тым, што пасля пройгрышу Руслана Аляхно напіўся і прапусціў самалёт.
У 2009 годзе Юрыя Азаронка прызначылі кіраўніком тэлеканалу «Жест-ТВ» для глухіх і асобаў з парушэннямі слыху. У 2014-м стала вядома, што Азаронак працуе ў аддзеле інфармацыі Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі, якое тады ўзначальваў Віктар Шэйман.
Ягоны сын Грыгорый Азаронак атрымаў вядомасць у 2020 годзе, калі стаў выступаць з рэзкай і непрыхаванаю прапагандаю за Лукашэнку, шматлікімі абразамі апанентаў і заклікамі да злачынстваў супраць апанентаў. Як і бацька, трапіў пад санкцыі. Еўразвяз у санкцыйным спісе называе Грыгорыя Азаронка адным з галоўных прапагандыстаў рэжыму Лукашэнкі, які праслаўляе гвалт супраць палітычных дысідэнтаў і сістэматычна выкарыстоўвае мову нянавісці.
Алесь Наваборскі belsat.eu