Завод, які з 2015 года ў працэдуры банкруцтва. Яго ўсё не могуць прадаць, хоць цану скінулі ўжо да 11,7 млн рублёў – столькі каштуе адзін палацык у Драздах.
Гандляванні ў продажы маёмаснага комплексу «Берасцейскі КСМ» ізноў не адбыліся, хоць мінімальную цану скінулі да 11 726 289 рублёў і 56 капеек. Ахвочых на комплекс агульнаю плошчаю больш за 109 тыс. м² не знайшлося.
За спробамі прадаць завод сочыць канал «Wikidom недвижимость Бреста». Цану зніжалі некалькі разоў: у мінулым верасні прасілі 39 млн, у кастрычніку – 21,5 млн, у снежні – за 15,8 млн, 12 лютага – за 15,6 млн.
Адметна, што толькі цяпер стартавая цана наблізілася да рынкавай: у заключэнні (PDF) пра ацэнку нерухомасці незалежнай кампаніяй комплекс ацанілі на 11,3 млн рублёў. Самае дарагое на заводзе – будынак адміністрацыі, які ацанілі на 4,64 млн рынкавай цаны.
Берасцейскі КСМ заснавалі ў 1971 годзе, ён выпускаў дрэнажныя трубы і керамічную цэглу, пазней стаў выпускаць керамічную кафлю пад маркаю «Karabel». Завод называлі адным з найбуйнейшых вытворцаў керамічнай кафлі і цэглы ў Беларусі. У 2003 годзе атрымаў прэмію ўраду за дасягненні ў галіне якасці, у 2008-м быў адзначаны на конкурсе «Найлепшыя тавары Беларусі».
У 2014-м на заводзе запусцілі новую італьянскую лінію вытворчасці кафлі, што абышлася ў 30 млн еўраў. Ды, як пісаў «Вечерний Брест» у 2016-м, праз абвал рынку Расеі і неканкурэнтаздольнасць на іншых рынках, завод збанкрутаваў. Вынікам мадэрнізацыі сталіся даўгі і працэдура банкруцтва, страта працы для вялікай часткі калектыву з 650 чалавек. Адзначалі, што прадпрыемства было на 100 % прыватным.
Чаму завод спрабуюць прадаць адным комплексам, а не часткамі, невядома. За такія ж грошы – амаль 4 млн долараў – можна купіць раскошны палацык у Драздах . Праўда, плошча палацыку – толькі 338 м², у 332 разы меншая за завод.
Алесь Наваборскі belsat.eu