У Літве на мяжы з Беларуссю затрымалі двух літоўцаў, якія везлі кантрабандныя цыгарэты, пры спробе ўцячы збілі машынаю памежніка. Той скарыстаўся зброяй, прастрэліў кола.
Літоўская служба аховы дзяржаўнай мяжы расказала 27 лютага пра здарэнне ў вёсцы Швяндубрэ (Шандубра), што за 5 км ад Друскінінкаю (Друскенікаў) і ў менш як 2 км ад мяжы з Беларуссю, блізу дарогі на Горадню.
У ноч на 27 лютага памежнікі звярнулі ўвагу на падазроны аўтамабіль «Volkswagen Passat», які ехаў па гравійнай дарозе за кіламетр ад мяжы з Беларуссю. Службоўцы выявілі, што на лузе паблізу прызямліўся паветраны шар з нейкім грузам – так нярэдка перапраўляюць кантрабандныя цыгарэты з Беларусі.
Кіроўца машыны, за якою сталі сачыць памежнікі, выключыў фары, звярнуў з дарогі на луг. Затым ён і ягоны пасажыр аддзялілі груз ад паветранага шару, паклалі ў машыну і пачалі вяртацца на дарогу.
Памежнікі ў «Toyota Land Cruiser» уключылі мігалку і сірэну, паехалі за «Volkswagen'ам», запатрабавалі спыніцца. Кіроўца не выканаў патрабавання, выехаў на гравійную дарогу, але далёка не ўцёк: урэзаўся ў дарожны знак ля маста праз раку. Памежнікі выйшлі са службовай машыны, наблізіліся да «Volkswagen'а».
Раптам машына падазраваных дала назад. Адзін з памежнікаў ледзь не трапіў пад колы, яго збіла машынай і адкінула на ўзбочыну. Аўта праехала некалькі метраў і спынілася. Памежнік здолеў падняцца на ногі, наблізіўся да машыны, стрэліў у кола. Пасля гэтага падазраваныя не спрабавалі ўцячы, былі затрыманыя.

Літоўскія памежнікі адзначаюць, што месяц таму ўжо было падобнае здарэнне. 29 студзеня пад Варэнай (Араным) памежнікі спрабавалі спыніць «Mercedes-Benz». Кіроўца спрабаваў збіць аднаго з памежнікаў, але той адскочыў, затым кіроўца паспрабаваў наехаць на другога – той аказаўся на капоце, схапіўся за машыну і некаторы час трымаўся, урэшце змог адскочыць. Тады памежнікі таксама былі вымушаныя скарыстацца табельнаю зброяй.
Кантрабанда ідзе не толькі з Беларусі ў Літву, перапраўляюць не толькі цыгарэты.
Польскае радыё расказала 27 лютага, што дрон з кантрабанднымі цыгарэтамі праламаў дах дому ў вёсцы Кнышэвічы Сакольскага павету. Гэта першы выпадак, калі паветраны шар з кантрабандаю прызямліўся не ў полі ці лесе. Кажуць, трапіў бы ў чалавека – забіў бы. Кантрабандыстаў, якія выпраўлялі і мелі прыняць груз, не знайшлі.
Пракуратура Гарадзенскай вобласці расказала 27 лютага пра затрыманне 42-гадовага замежніка, які прыехаў у Беларусь з Літвы праз пераход «Беняконі» машынаю з газавым абсталяваннем. На беларускім баку мытня праверыла аўта, знайшла ў газавых балонах пакеты з падазроным раслінным начыннем вагою 24,7 кг. Экспертыза паказала, што ў пакетах быў гашыш. Замежніка змясцілі пад варту, распачалі крымінальную справу за незаконны абарот наркотыкаў.
Алесь Наваборскі belsat.eu